Браслаўшчыну з рабочым візітам наведаў начальнік крымінальнай міліцыі вобласці Аляксандр Чарняўскі

Новости
У сераду, 11 жніўня, з рабочым візітам Браслаўшчыну наведаў намеснік начальніка УВД Віцебскага аблвыканкама – начальнік крымінальнай міліцыі Аляксандр Чарняўскі.

У гэты ж дзень на базе ДРБУ-142 ён правёў сустрэчу з калектывамі ўзгаданага дарожнага прадпрыемства, вытворчага камбіната «Браслаўрыба» і «Белтэлекома». У сваім дакладзе праваахоўнік падрабязна спыніўся на аператыўнай абстаноўцы ў вобласці. Аляксандр Чарняўскі асаблівую ўвагу надаў кіберзлачынствам. Ён расказаў пра найбольш частыя схемы махляроў, якія крадуць вялікія сумы грошай з дапамогай інтэрнэта або тэлефона.

Начальнік крымінальнай міліцыі падняў праблему наркаманіі, ужывання і распаўсюджання наркатычных сродкаў у падлеткавым асяроддзі, прывёўшы ў прыклад выяўленыя на Браслаўшчыне выпадкі затрымання людзей, якія рабілі «закладкі». Таксама ён агучыў статыстычныя даныя па відах злачынстваў ды іх раскрывальнасці.

Пацікавіўся намеснік начальніка ўпраўлення ў браслаўчан іх задаволенасцю работай мясцовага РАУС. Не пачуў нараканняў на работу міліцыянераў А. Чарняўскі і падчас прамой тэлефоннай лініі. ■

Вольга ПАТАПОВІЧ