Пра што пісала «Браслаўская звязда» 55 гадоў таму назад (жнівень 1966-га)

Новости
АФІЦЫЙНЫЯ ПАВЕДАМЛЕННІ

– У адпаведнасці з Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі «Аб утварэнні новых раёнаў Беларускай ССР» Більдзюжскі і Ёдскі сельсаветы з Браслаўскага раёна перадаюцца ў састаў нядаўна ўтворанага Шаркаўшчынскага раёна. – ЦК КПСС і Саветам Міністраў СССР ва ўсіх сельскіх васьмігадовых школах прапанавана ўстанавіць у 1967 – 1969 гг. пасаду настаўніка фізічнай культуры; ва ўсіх класах усіх тыпаў школ уводзяцца два ўрокі фізкультуры ў тыдзень.

ЗНІКАЮЦЬ РАНЫ ЗЯМЛІ

Хоць час ды праца чалавека залечваюць раны зямлі, але дзе-нідзе і сёння бачны сляды вайны. Нямала акопаў на палях калгаса імя Дзімітрава засталося пасля Першай сусветнай. Некалькі гектараў ворыва марна ляжалі больш як 50 гадоў. У гаспадарцы вырашылі навесці на іх парадак: закапаць равы, выраўняць паверхню. Заключылі дагавор з «Сельгастэхнікай». Яе механізатары закапаюць 10 вялізных акопаў, апрача гэтага, збяруць камяні на 100 га. На месцы былых баёў у наступным годзе будзе каласіцца збажына.

СВАІМІ СІЛАМІ

Было гэта ў калгасе «Беларусь» пасля работы, перад пачаткам кінасеанса ў клубе. У адным з куткоў глядзельнай залы сабралася моладзь, якая, часта тут бываючы, заўважыла, наколькі запушчанае стала памяшканне. Сакратар камсамольскай арганізацыі прапанавала адрамантаваць яго самім. У адзін з выхадных дзён да клуба прыйшлі больш за 20 маладых калгаснікаў – і работа закіпела. Юнакі і дзяўчаты адрамантавалі падлогу, пафарбавалі вокны і пабялілі сцены. Цяпер у клубе стала ўтульна. Ініцыятыва моладзі знайшла гарачае адабрэнне ва ўсіх хлебаробаў.

ХУЛІГАНСТВУ – БЯЗЛІТАСНЫ БОЙ

Працоўныя калгасаў, саўгасаў і арганізацый Браслаўшчыны поўнасцю адабраюць Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР «Аб узмацненні адказнасці за хуліганства». Вось што пішуць з саўгаса «Відзаўскі»: «Не перавяліся яшчэ тыя, хто парушае грамадскі парадак. Так, пасля зарплаты ў любым аддзяленні можна сустрэць п’янага, для якога нічога не азначае вылаяцца, зняважыць жанчыну. Надышоў час пакласці гэтаму канец. Хай гарыць зямля пад нагамі ўсіх, хто перашкаджае нам будаваць камунізм, не лічыцца з парадкам у нашым савецкім доме».

ДОБРЫ ПРЫПЛОД

Авечкагадоўляй калгас імя Кутузава займаецца некалькі гадоў, аднак вялікіх прыбыткаў ад яе не атрымліваў. Цяпер праўленне гаспадаркі выдзеліла пад аўчарнік светлыя цёплыя памяшканні, быў арганізаваны старанны догляд авечак. Вынікі не замарудзілі сказацца: ад 69 аўцаматак атрымана 100 ягнят. У гурце ўжо налічваецца 195 авечак, каля 100 з іх можна прадаць дзяржаве – гэта будзе больш як 3 тоны мяса. Добры і настрыг воўны: з кожнай аўцаматкі – па 4 кг. Так што пры добрым доглядзе авечкі прыносяць прыбытак.

ЗА ГАЗАЙ… У ОПСУ

Магазін у в. Далёкія перадалі ў Опсаўскае сельпа. Быццам і да гандлёвых складоў стала блізка, але тавараў ніхто не завозіць. Вось ужо два тыдні няма газы, кос, брускоў, сярпоў і іншага інвентару. У гарачую пару ўборкі ўраджаю кожны чалавек на ўліку, кожная мінута дарагая. А тут даводзіцца кідаць працу, каб схадзіць у Опсу за газай або касой. Загадчык магазіна ўжо колькі разоў званіў у канцылярыю, даваў пісьмовыя заяўкі, а тавары ўсё не прывозяць. Час прыслухацца праўленню сельпа да голасу хлебаробаў.

ПАСЁЛАК РЫБАКОЎ

Той, хто праходзіць па дарозе, якая вядзе ад рыбазавода да турысцкай базы «Браслаўскія азёры», звяртае ўвагу на прыгожую вуліцу. З двух бакоў яе пабудаваны акуратныя тыпавыя домікі. Гэта пасёлак рыбакоў. Узведзены ён за апошнія гады. Летась справілі наваселле ў пасёлку дзве сям’і працаўнікоў рыбазавода. Сёлета на яго сродкі будзе пабудаваны яшчэ адзін двухкватэрны дом для спецыялістаў.

РАБЯТЫ ЗБІРАЮЦЦА Ў ШКОЛУ

Сёлета школы падрыхтаваліся да пачатку заняткаў значна лепш, чым у мінулым годзе. Праведзены дакладны ўлік дзяцей, многа старання прыклалі настаўнікі і вучні пры рамонце памяшканняў. Большасць школ набылі патрэбныя наглядныя дапаможнікі, кнігі для бібліятэк, розныя прыборы і прылады ў кабінеты. Папоўнілася настаўніцкая сям’я: у раён прыехалі працаваць 22 маладыя педагогі. Тысячы дзяцей сядуць за парты, асабліва ж напоўненыя сёлета 9-я класы: у іх будуць вучыцца каля 900 хлопчыкаў і дзяўчынак. ■

Жанна БЯЛЬКО