Хлебаробы Браслаўшчыны пераадолелі экватар ва ўборцы ўраджаю

Экономика и финансы
У пачатку гэтага тыдня хлебаробы Браслаўшчыны пераадолелі экватар ва ўборцы збожжавых каласавых культур. На раніцу ўчарашняга дня ў раёне ўбрана 52,8 % ураджаю.

Трэба адзначыць, што сёлета ўборка аграрыям Браслаўшчыны даецца няпроста, але абмалаціць вырашчанае трэба ў аптымальныя тэрміны і без страт. Гэтыя простыя ісціны добра разумеюць хлебаробы, таму і працуюць з максімальнай аддачай. Для ўборкі яны выкарыстоўваюць не толькі пагодлівыя дні, а і гадзіны. Раніцай чакаюць, пакуль спадзе раса ды падсохне, пасля чаго камбайны ўключаюцца ў працу. У сельгаспрадпрыемствах лічаць, што лепш крыху больш увагі надаць дасушцы збожжа, чым прамарудзіць час і, магчыма, увогуле страціць ураджай. Таму сушыльныя комплексы гаспадарак інтэнсіўна працуюць падчас жніва.

Па аператыўнай інфармацыі райсельгасхарча, на раніцу ўчарашняга дня аграрыі Браслаўшчыны ўбралі збожжа на плошчы 6 938 гектараў, намалацілі больш за 14,5 тыс.тон збожжа. Сярэдняя ўраджайнасць збожжавых і зернебабовых культур складае 21,1 цэнтнера з гектара. Найлепшая яна ў «Маяку Браслаўскім» (25,9 ц/га) і «Агравідзах» (25,5 ц/га).

На палетках у пагодлівыя дні працуюць больш за 50 камбайнаў. Дзяржзаказ сельгаспрадпрыемствы раёна выконваюць у рабочым парадку.

Паралельна з уборачнай кампаніяй у раёне працягваецца нарыхтоўка кармоў, ідзе накапленне мінеральных угнаенняў і падрыхтоўка глебы пад восеньскую сяўбу. ■

Вольга ПАТАПОВІЧ