Вакцынацыя ад COVID-19. Віктар Галанаў: «На жаль, многія жыхары больш чытаюць інтэрнэт, чым слухаюць урачоў»

STOP COVID-19!
Большасць экспертаў і аналітыкаў у галіне медыцыны публічна прызнаюць, што на дадзены момант вакцынацыя з’яўляецца самай магутнай зброяй у барацьбе з COVID-19. Для дзейснай прафілактыкі яго распаўсюджвання няма альтэрнатывы прышчэпкам, а вопыт многіх дзяржаў сведчыць пра эфектыўнасць вакцын супраць вядомых штамаў каранавіруса.

Гэтае меркаванне чырвонай ніткай праходзіла ў выступленнях інфармацыйна-прапагандысцкіх груп (ІПГ) падчас адзінага дня інфармавання насельніцтва, які адбыўся ў раёне ў канцы ліпеня. У прыватнасці, старшыня Віцебскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Віктар Галанаў як прадстаўнік абласной ІПГ вёў размову пра мэтазгоднасць прышчэпак з працаўнікамі прыродаахоўнай установы НП «Браслаўскія азёры», а раённая ІПГ пад кіраўніцтвам намесніка старшыні райвыканкама Алены Бабінскай гутарыла на гэту ж злабадзённую тэму з прадстаўнікамі працоўнага калектыву ААТ «Торфабрыкетны завод Браслаўскі», а таксама акцэнтавала ўвагу на павелічэнні колькасці выпадкаў несанкцыяванага доступу да плацежных карт браслаўчан і пажараў на тэрыторыі раёна.

Віктар Галанаў, карыстаючыся матэрыяламі, падрыхтаванымі Акадэміяй кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, узгадаў гісторыю з’яўлення каранавіруснай інфекцыі, спосабы яе перадачы, асноўныя сімптомы захворвання, рэкамендацыі Міністэрства аховы здароўя па прафілактыцы COVID-19, і заўважыў, што мерапрыемствы па папярэджванні яго распаўсюджвання арганізаваны ў Беларусі на дзяржаўным узроўні, але і кожны жыхар рэспублікі павінен усвядомліваць сваю адказнасць за іншых людзей. Пандэмія сама па сабе нікуды не дзенецца, значыць, неабходна вакцынацыя, паколькі яна змяншае верагоднасць цяжкай формы захворвання і паніжае скорасць перадачы віруса. Вакцыніраваныя абараняюць не толькі сябе, але і навакольных, паколькі некаторым людзям вакцыны могуць быць супрацьпаказаны. Для калектыўнага імунітэту ад COVID-19 патрэбна мінімум 60 – 70 % прышчэпленых, бо ён узнікае, калі большая частка людзей перастае заражацца вірусам. У выніку абаронены ўсе, у тым ліку і тыя, хто не можа зрабіць прышчэпку з-за супрацьпаказанняў.

У нашай краіне вакцынацыя насельніцтва здзяйсняецца ў рамках «Нацыянальнага плана мерапрыемстваў па вакцынацыі супраць інфекцыі COVID-19 у Рэспубліцы Беларусь на 2021 – 2022 гады». У першую чаргу магчымасць зрабіць прышчэпку ад каранавіруса была забяспечана медыцынскім і фармацэўтычным работнікам, сацыяльнай сферы і адукацыі, а таксама дарослым ва ўстановах з кругласутачным рэжымам знаходжання. Другой прыярытэтнай групай для вакцынацыі з’яўляюцца людзі ва ўзросце 60+ і тыя, хто мае высокую рызыку заражэння ў сувязі з прафесіянальнай дзейнасцю (работнікі гандлю, грамадскага харчавання і г. д.).

У той жа час эксперты мяркуюць, што сёння тэмпы вакцынацыі неабходна нарошчваць, інакш узнікае рызыка з’яўлення змененых штамаў каранавіруса: калі частку насельніцтва правакцынаваць, а частку – не, то гэта можа прывесці да паскарэння працэсу фарміравання штамаў са змененымі ўласцівасцямі. Таму неабходнасць аператыўнай масавай вакцынацыі насельніцтва свету, у тым ліку і Беларусі, з’яўляецца як ніколі актуальнай. З мэтай стрымлівання інфекцыі і забеспячэння роўнага доступу ўсіх грамадзян да магчымасцей вакцынацыі ўрад нашай краіны стварыў умовы для атрымання прышчэпкі ўсімі жадаючымі беларусамі.

Аднак, нягледзячы на тое, што пандэмія працягваецца звыш года і з’яўляюцца ўсё больш небяспечныя штамы віруса, не ўсе беларусы спяшаюцца рабіць прышчэпку ад COVID- 19. Эксперты лічаць такую тэндэнцыю небяспечнай, таму што павольнае правядзенне вакцынацыі стварае спрыяльныя ўмовы для з’яўлення і хуткага распаўсюджвання новых, больш заразных разнавіднасцей віруса.

«Безумоўна, рашэнне пра прышчэпку кожны чалавек прымае сам ці разам з урачом, зыходзячы са стану здароўя. Але для большасці грамадзян вакцынацыя застаецца найбольш эфектыўным спосабам абароны сябе, бацькоў, сяброў і калег па рабоце ад заражэння. І толькі разуменне ўсімі беларусамі гэтага факта дазволіць нам паспяхова адолець COVID-19 і вярнуцца да звычайнага жыцця», – упэўнены Віктар Галанаў. ■

Казімір ПЯТУШКА