У Браслаўскім раёне ідзе другі ўкос

Экономика и финансы

Прыйшоў час другога ў гэтым сезоне сенакосу. Пакуль яго распачалі 2 гаспадаркі раёна. А як прайшоў першы?

Па інфармацыі райсельгасхарча, на раніцу чацвярга першым укосам скошана 8625 гектараў траў, што складае 82,1 % ад плана. З іх нарыхтавана ў сярэднім па раёне 11,96 цэнтнера кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы. Дадзеная лічба крыху недацягвае да мінулагодняй (-0,77). Найлепшы вынік у гэтай справе на дадзены момант у «маякоўцаў», хоць яны і адстаюць ад свайго мінулагодняга паказчыка на 4,11 ц к. адз. на ўмоўную галаву жывёлы, але з лічбай 18,94 ц к. адз. цяпер у лідарах на касьбе. У ААТ «Мяжаны» ўжо змаглі нарыхтаваць 15,57 ц к. адз., у КУСП «Відзаўскі» – 12,26.

Разам усе гаспадаркі насушылі 4326 тон (96,1%) сена. Дарэчы, толькі «Друйскі», «Браслаўскі» і «Агравідзы» не справіліся з планам па нарыхтоўцы гэтага віду корму. А вось з сенажом пакуль усё не так добра. Яго нарыхтавалі 51,7 % ад запланаванага, ці 44 093 тоны, у тым ліку 1 853 т з іх закруцілі ў палімерную плёнку.

«Слабодка-агра», «Відзаўскі» і «Бярозавы край» ужо пачалі рабіць з траў сілас. Разам яны закансервавалі 6 155 тон.

Аграрыі спадзяюцца на спрыяльнае надвор’е – нячастыя, але спорныя дажджы. Гэта неабходна, каб травы змаглі набрацца моцы і травастой другога ўкосу быў бы не горшым за папярэдні. Праўда, важна, каб ападкі не сталі перашкодай і дазволілі давесці травы да неабходнай кандыцыі і захаваць згодна з тэхналагічнымі нормамі. ■

 

Вольга ПАТАПОВІЧ. Фота аўтара.