Уклады пад 76 % гадавых і нябожчыкі. Пра што пісала «Браслаўская звязда» ў 2001-м

Общество

Пра што пісала «Браслаўская звязда» 20 гадоў таму назад (ліпень 2001-га).

НОВАЯ СПЕЦЫЯЛІЗАЦЫЯ МАГАЗІНАЎ

У сувязі з праведзенай райпа рэарганізацыяй многія прамысловыя магазіны ці іх аддзелы ў райцэнтры змянілі сваю спецыялізацыю. Так, у магазін «Замкавы» па вул. Энгельса пераехалі культтавары і «Дзіцячы свет», у стары будынак універмага на вул. Садовай – камісійны магазін. Тут жа на другім паверсе адкрыўся і новы прамысловы аддзел з прадукцыяй айчынных вытворцаў, а мэблевы салон перамясціўся ўніз, што больш зручна пакупнікам.

«ДУБРОВА» ЛЕДЗЬВЕ ЗВОДЗІЦЬ КАНЦЫ З КАНЦАМІ

ДП «Дуброва» – адно з нямногіх у раёне, у якім нарошчваюцца аб’ёмы вытворчасці. Аднак фінансавае становішча яго застаецца бядотным. Прадпрыемства, што вырабляе прадукцыю на знешні рынак, ледзь зводзіць канцы з канцамі. І адмовіцца ад не надта выгаднага заказу на пашыў дзіцячых камбінезонаў ад дацкай фірмы не можа, бо ўласных грошай на тканіну і выраб прадукцыі на ўнутраны рынак не мае. У такой вось складанай сітуацыі вымушаны існаваць калектыў, у якім раз-пораз узнікае незадаволенасць швачак нізкімі заработкамі. НА ФІНАНСАВАЙ МЕЛІ Калі пачаўся розыгрыш Кубка вобласці па футболе, браслаўчане першую гульню правялі на сваім полі з камандай Верхнядзвінска, па выніках якой атрымалі перамогу. Аднак другога тура для нашых футбалістаў, на жаль, не будзе з-за фінансавых цяжкасцей: на чарговую гульню ў Наваполацк яны не паехалі. Па той жа прычыне браслаўчане не праводзяць выязныя матчы і ў першынстве вобласці, абмяжоўваючыся хатнімі. Як кажуць, дажыліся…

АДНА З ПРАБЛЕМ МІЛІЦЫІ – НЯБОЖЧЫКІ

Штогод у раёне здараецца 60 – 70 смерцяў, якія патрабуюць судова-медыцынскай экспертызы: гэта састарэлыя адзінокія людзі, тапельцы, самагубцы і інш. Раней з дастаўкай цела ўчастковаму міліцыянеру дапамагаў калгас або прадпрыемства. Цяпер жа ўсюды лічаць кожны літр бензіну, не прадугледжаны сродкі на такія справы ні ў міліцэйскім бюджэце, ні ў мясцовых органах улады. І ўчастковым інспектарам труп да медэксперта хоць на сабе нясі. Гэта далікатная з пункту гледжання маралі сітуацыя патрабуе ўвагі.

ДАБРАЧЫННАЯ АКЦЫЯ «БЕЛЭКСА»

Беларуская міжгаліновая асацыяцыя дзелавога супрацоўніцтва «Белэкс» праводзіць чарговую дабрачынную акцыю «Дзеля будучыні». У яе рамках надрукавана 500 даведнікаў «Браслаўшчына» з тэлефонамі афіцыйных устаноў, яны паступілі ў аддзел сацыяльнай абароны райвыканкама для перадачы іх у шматдзетныя сем’і. Паколькі ў раёне колькасць тэлефанізаваных дамоў і кватэр такіх сем’яў значна меншая, астатнія экзэмпляры размяркуюць сярод адзінокіх састарэлых людзей. Увогуле браслаўскія абаненты маюць вострую патрэбу ў выданні новага даведніка.

ПРАПАЛОЛІ БУРАКІ

Работнікі бюджэтных арганізацый Ахрэмавецкага сельсавета заўсёды былі надзейнымі памочнікамі мясцовага калгаса «Шлях Леніна». Вось і сёлета яны актыўна выйшлі на праполку кармавых караняплодаў, якая спатрэбілася на плошчы звыш 5 га, нягледзячы на праведзеную хімічную апрацоўку. На бягучым тыдні работа на дзялках бюджэтнікаў закончана: бурачкі чыста выпалаты і прарэджаны. Таму і ўраджай чакаецца багаты.

АБ’ЯВЫ

– ДУАП «Браслаўскі харчовы камбінат» закупляе ў насельніцтва ягады па цане за 1 кг: чырвоныя парэчкі – 290 рублёў, чорныя парэчкі – 420 руб., чарніцы – 600 руб. Аплата прадукцыяй камбіната. – ТАА «Інвестпрамсэрвіс» (у кінатэатры) купляе чэкі «Маёмасць» па цане 50 руб. за 1 чэк. – Аддзяленне Белаграпрамбанка ў г. Браславе паведамляе, што з 4 ліпеня па дэпазітных укладах у нацыянальнай валюце ўстаноўлены наступныя працэнтныя стаўкі: на тэрмін 120 дзён – 68 % гадавых, на 370 дзён – 76 % гадавых. ■

 

Старонкі газеты гартала Жанна БЯЛЬКО.