У Браслаўскім раёне распачынаецца жніво

Экономика и финансы
Здымак: Міхаіл Вайтанец і Юрый Мачульскі шмат гадоў запар у гарачую пару жніва кіруюць камбайнамі. Сёлета яны аднымі з першых падрыхтавалі да ўборачнай свае «Палессі». Іх і накіраваў СВК «Маяк Браслаўскі» аказаць дапамогу «Друйскаму».

У пачатку тыдня ў раёне стартавала жніво: першымі выйшлі на палі жаць азімую свірэпіцу камбайны ў акцыянерных таварыствах «Агравідзы» і «Друйскі».

Напрыклад, у апошняй гаспадарцы гэтай культурай яшчэ восенню засеялі роўныя прасторныя палі плошчай 107 га. Пры гэтым разлічвалі, што раннія тэрміны ўборкі азімай свірэпіцы дазволяць накіраваць выручаныя ад рэалізацыі яе насення сродкі на падрыхтоўку тэхнікі, зернесушылак да масавага збору ўраджаю.

Па словах галоўнага агранома сельгаспрадпрыемства Івана Мядзіля, перазімавалі пасевы з адзнакай «добра» і «здавальняюча», а вось майскія дажджы парадкам іх падмачылі, таму ўраджайнасць забытай культуры, якую паспрабавалі зноў аднавіць, атрымалася невысокая.

Увогуле ж сёлета ў «Друйскім» трэба абмалаціць сельскагаспадарчыя культуры на плошчы звыш 1 600 га, у тым ліку 126 га азімага рапсу, 635 га азімых збожжавых (пшаніцы, жыта, трыцікале), 509 га ярыны (ячменю, аўса, пшаніцы, зернебабовых), 96 га яравога рапсу і 150 га траў.

У гарачую пару масавага жніва ў гаспадарцы плануюць задзейнічаць 6 камбайнаў, але пакуль што камбайнеры займаюцца корманарыхтоўкай, на завяршальнай стадыі рамонту яшчэ толькі адзін карабель палёў, які выйдзе малаціць азімы рапс. Свірэпіца ж паспела, падышлі тэрміны яе ўборкі. Таму на просьбу старшыні таварыства Аляксандра Белюна дапамагчы на некалькі дзён тэхнікай адгукнуўся кіраўнік СВК «Маяк Браслаўскі» Рамуальд Шукель, які прыслаў два камбайны. ■

 

Казімір ПЯТУШКА. Фота аўтара.