Чытайце пра што пісала «Браслаўская звязда» 25 гадоў таму назад (чэрвень 1996-га)

Общество
ПАДАРАЖЭЎ ПРАЕЗД

Пачатак чэрвеня прынёс нам не толькі доўгачаканае цяпло, а і чарговае павышэнне цэн на праезд у пасажырскім аўтатранспарце. Як паведамілі з аўтапарка № 18, з 2 чысла кошт праезду на міжгароднім маршруце падаражэў на 40 рублёў і склаў на мяккім аўтобусе – 280 руб. за кіламетр, на цвёрдым – 260. Змяніліся тарыфы таксама на гарадскім транспарце. Адна паездка сёння каштуе браслаўчаніну 1 300 руб., а не 1 000, як было некалькі дзён таму назад, а льготніку – 700 руб.

БЕЗ ШЭФАЎ НЕ АБЫДЗЕЦЦА

З-за працяглай дажджлівай вясны ў калгасах яшчэ не завершана сяўба, а тое, што пасеяна, можа загінуць. Між тым перад раёнам пастаўлена задача павялічыць вытворчасць кармоў на 30 %, у тым ліку аблвыканкам давёў заданне вырасціць 870 гектараў кармавых буракоў. Яго трэба выконваць, як кажуць, заплакаўшы, бо караняплоды – гэта малако, без узняцця вытворчасці якога далейшае існаванне калгасаў цяжка ўявіць. Іншага выйсця няма, як клікаць на дапамогу гараджан. Таму сёлета да гэтай справы прыцягваюцца і мытнікі, і пажарныя, і міліцыя, і нават пагранічнікі.

НА ЗАВОДЗЕ ЗАЦІШША

Пачынаючы з 10 чэрвеня, на льнозаводзе зацішша: калектыў адпраўлены ў чарговы водпуск. Працаваць засталіся лічаныя людзі, якія даглядаюць абсталяванне. І калі ў мінулыя гады спыненне вытворчасці на пэўны час было заканамернай з’явай перад новым сезонам нарыхтоўкі сыравіны, то сёлета настрой у людзей трывожны. Пры існуючай нестабільнасці кожны работнік асцерагаецца, каб завод наогул не спыніўся.

ЦІ НЕ ПУСЦІЦЬ ФУРЫ Ў АБХОД?

Жыхароў Заборных Гумнаў хвалюе стан дарог у цэлым і вуліцы Камсамольскай у прыватнасці, дзе асфальтавае пакрыццё пабіта варонкамі, як быццам пасля бамбёжкі. Звязваюць гэта людзі з праездам праз наш прыгранічны горад вялікагрузных машын. Аднак ні ў Браслаўскай мытні, ні ў ДАІ з такім тлумачэннем не пагадзіліся, бо за суткі праз пункт «Урбаны» праязджае не больш як 5 фур і іх габарыты не перавышаюць нормы. Справа ж у эканамічным крызісе, праз які скараціліся асігнаванні на будаўніцтва і рамонт дарог: дзяржаўных сродкаў на іх утрыманне недастаткова.

НА ПАРАДКУ ДНЯ – РЭЛІГІЙНАЯ СІТУАЦЫЯ

На чарговым пасяджэнні прэзідыума райсавета была абмеркавана рэлігійная сітуацыя на Браслаўшчыне. У райвыканкаме пастаянна рэгіструюцца новыя абшчыны, у раёне будуюцца і аднаўляюцца храмы. Жыхары свабодна наведваюць цэрквы і касцёлы, да рэлігіі далучаецца ўсё больш моладзі. На тэрыторыі раёна дзейнічаюць 15 рымска-каталіцкіх, 7 праваслаўных, столькі ж стараверскіх абшчын і 1 мусульманская, царква хрысціян веры евангельскай. Аднак колькасці свяшчэннаслужыцеляў не хапае для задавальнення патрэб вернікаў.

А НАСТАЎНІКІ ЎСЁ ЧАКАЮЦЬ. ЗАРПЛАТУ

Лета не толькі пара канікулаў для школьнікаў, а і час адпачынку для настаўнікаў. Здавалася б, трэба радавацца заканчэнню навучальнага года. Аднак у настаўніцкіх калектывах не спадае напружанасць: на календары сярэдзіна чэрвеня, а з работнікамі школ разлічыліся толькі за красавік. Які можа быць адпачынак, калі педагог не можа ад’ехаць ад дому ды яшчэ вымушаны абмежаваць сябе нават у харчаванні? Пагроза забастоўкі настаўнікаў зноў стала рэальнай.

ЧАМУ НЕ ПАКАЗВАЕ ТЭЛЕВІЗАР?

У апошнія дні ў рэдакцыю пачасціліся тэлефонныя званкі з пытаннем, чаму праграма тэлеперадач друкуецца на дзень, а «карцінка» на экране з’яўляецца толькі пад вечар. Як патлумачылі на Браслаўскім рэтранслятары, у графік трансляцыі часта ўносяцца змяненні, прычыны якіх іншы раз застаюцца невядомымі. На гэтым тыдні паступіла каманда абмежаваць паказ, магчыма, з-за несвоечасовай аплаты з боку Расіі – такое здараецца ў канцы квартала ці паўгоддзя. ■

 Жанна БЯЛЬКО