Браслаўчане прынялі ўдзел у абласных спаборніцтвах сярод санітарных фарміраванняў

Общество
У Верхнядзвінску прайшлі XIV абласныя спаборніцтвы санітарных фарміраванняў грамадзянскай абароны Віцебшчыны. У іх прынялі ўдзел 23 каманды з прадпрыемстваў і арганізацый паўночнага рэгіёна, сярод якіх была і зборная нашага раёна.

Браслаўшчыну прадстаўляла каманда, у склад якой увайшлі прадстаўнікі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, ветэрынарнай станцыі, торфабрыкетнага завода і жыллёва-камунальнай гаспадаркі – усяго 14 чалавек. Узначаліў яе Дзмітрый Талмачоў з «Браслаў-камунальніка».

– Спаборніцтвы санітарных дружын аказаліся няпростымі і складаліся з пяці этапаў, – расказвае ўдзельніца каманды Святлана Фелькіна, намеснік дырэктара ТЦСАН. – На першым з іх трэба было прадэманстраваць неабходнае абсталяванне, а таксама ўменне карыстацца рыштункам сандружыны. Затым нам давялося аказваць першую медыцынскую дапамогу ўмоўным пацярпелым у надзвычайнай сітуацыі: па заданні пасля разбурэння будаўнічых канструкцый пад заваламі апынуліся цяжкапараненыя людзі, якім патрабавалася дапамога, – мы накладвалі ім шыны, бінтавалі. Наступнае выпрабаванне было звязана з хімічна небяспечнымі рэчывамі, калі дружыннікі лакалізавалі ачаг заражэння, які ўтварыўся з-за выкіду аміяку і хлору, і ратавалі пацярпелых. На чацвёртым этапе мы працавалі ў зоне інфекцыйнага заражэння. Завяршыліся спаборніцтвы праверкай тэарэтычных ведаў.

Спраўляцца з заданнямі было нялёгка, у тым ліку ў фізічным плане, бо дастаткова складана, напрыклад, бегчы ў процівагазе і пры гэтым яшчэ ўтрымліваць цяжкія насілкі. Але мы, хоць і не занялі прызавога месца, усё ж такі не патрацілі час дарэмна: паспрабавалі свае сілы, атрымалі станоўчыя эмоцыі і, галоўнае, наладзіўшы ўзаемаадносіны з іншымі ўдзельнікамі, даведаліся шмат новага. ■

Жанна БЯЛЬКО