У Браслаўскай ЦРБ абылося ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае Дню медыцынскіх работнікаў

Новости
Напярэдадні прафесіянальнага свята ў Браслаўскай ЦРБ абылося ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае Дню медыцынскіх работнікаў

У святочна прыбранай зале Браслаўскай ЦРБ сабраліся работнікі гэтай установы, якіх вітаў старшыня райвыканкама Аляксандр Баданін. Кіраўнік раёна адзначыў, што праца медыка бесперабойная, у рэжыме 24/7, а прафесія – высакародная і самая мірная. «Галоўны патэнцыял нашай ЦРБ – гэта людзі, прафесіяналы сваёй справы. Шмат зроблена і па ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы, каб вы маглі працаваць з дапамогай сучаснага аснашчэння. Важна, што вы не спыняецеся, наперадзе – з’яўленне лапараскапічнай стойкі, ПЦР-лабараторыі. Гэта надасць яшчэ большы штуршок для развіцця. Хочацца пажадаць вам душэўнага спакою, матэрыяльнага дастатку, атрымліваць задавальненне ад самарэалізацыі і таго, што вы патрэбны людзям», – сказаў ён.

Віншаванне ад старшыні райвыканкама завяршылася на ўрачыстай ноце: медыкі атрымалі ўзнагароды абласнога і раённага ўзроўню. Дарэчы, напярэдадні свята падчас аналагічнага ўрачыстага сходу ў Віцебску ўрач-тэрапеўт (загадчык) тэрапеўтычнага аддзялення стацыянара Наталля Грыгор’ева была ўзнагароджана нагрудным знакам «Выдатнік аховы здароўя Рэспублікі Беларусь».

Словы падзякі за падтрымку медыцынскай сферы ад імя работнікаў бальніцы кіраўніцтву раёна выказаў галоўны ўрач установы Аляксандр Макарэвіч. Ён адзначыў, што медыкі не займаюцца вытворчасцю матэрыяльных каштоўнасцей, але яны стаяць на абароне тых, хто гэта робіць. І медыцынская сфера нашага раёна ў дадзеным напрамку актыўна развіваецца і імкнецца адпавядаць самым сучасным патрабаванням і выклікам часу.

А. Макарэвіч перадаў словы віншаванняў і падзякі за працу ад старшыні Віцебскага аблвыканкама Мікалая Шарснёва, памочніка Прэзідэнта – інспектара па Віцебскай вобласці Анатоля Ліневіча і начальніка абласнога ўпраўлення аховы здароўя Міхаіла Вішнявецкага. Таксама Аляксандр Уладзіміравіч уручыў граматы ўстановы шэрагу яе супрацоўнікаў.

Завяршылася мерапрыемства святочным канцэртам, падрыхтаваным работнікамі РЦК. Акрамя гэтага, цудоўны падарунак ў выглядзе букетаў, створаных з жывых кветак, цукерак і падзелак, зрабілі для сваіх бацькоў дзеці. Гэтая творчая экспазіцыя размясцілася ў фае ўстановы. ■

Алена НАБЕЕВА