Мы памятаем. Пачытайце, як пачалася вайна на Браслаўшчыне

Общество

Вялікая Айчынная вайна пачалася 22 чэрвеня 1941 года. У гэты дзень, пасля выступлення па радыё Молатава, браслаўчане сабраліся на беразе возера Дрывяты, дзе адбыўся мітынг. Выступалі прадстаўнікі райкама партыі, актывісты з мясцовых жыхароў. Яны запэўнівалі, што вораг будзе разгромлены і непакоіцца няма чаго. Ужо 23 і 24 чэрвеня праз Браслаў на захад прайшла пяхота Чырвонай Арміі, але літаральна на наступны дзень жыхары Браслава ўбачылі савецкія войскі, якія рухаліся ўжо ў зваротным накірунку – адступалі. Страшныя чуткі пайшлі па раённым цэнтры, людзей ахапіла паніка. Некаторыя пачалі яго пакідаць…

Нямецкія войскі ўступілі ў Браслаў 27 чэрвеня. Вось як пра гэта ўспамінала жыхарка горада В. Баладэ: «Мы, дзеці, збегліся паглядзець на чужынцаў. Побач з калонай рухалася тэхніка, было шмат фурманак. Потым наляцелі савецкія самалёты, іх было 6 – 7 штук. Немцы разбегліся. Мы пачулі свіст бомб, недзе ў горадзе выбухнула, потым яшчэ і яшчэ…».

Пра першыя ахвяры вайны расказвалі многія браслаўскія старажылы. Па іх сведчаннях, у той дзень загінулі 14 чалавек. Іх пахавалі ў адной брацкай магіле – першай з тых, што пасля з’явяцца на Браслаўшчыне.

Адміністрацыйна Беларусь разам з Літвой, Латвіяй і Эстоніяй увайшла ў склад рэйхкамісарыята «Остланд». Браслаў і вялікая частка Відзаўскага раёна былі ўключаны ў генеральны камісарыят «Беларусь», заходняя частка Відз – у генеральную акругу Літвы. Немцы ўсталявалі свае парадкі. Так, на землях, дзе раней былі калгасы і саўгасы, ствараліся так званыя «дзяржаўныя маёнткі», якімі кіравалі аграномы, дасланыя з Германіі і нават Галандыі. Сяляне ў якасці парабкаў павінны былі апрацоўваць зямлю зусім дарма. Вясковае насельніцтва абкладалася мноствам падаткаў і збораў. Падатковая палітыка акупантаў была накіравана і на збор грошай у мясцовага насельніцтва. Яно было абавязана плаціць нямала падаткаў. Зімой 1941 – 1942 гг. нямецкія ўлады загадалі сялянам здаць усю воўну, скуры, гарох і іншыя прадукты. На працягу трох дзён неабходна было аддаць кажухі, валёнкі і іншыя цёплыя рэчы.

Свабоднае перамяшчэнне па раёне забаранялася. На праезд за межы тэрыторыі патрабаваліся спецыяльныя пропускі – аўсвайсы.

Значная ўвага акупантамі надавалася ідэалагічнай апрацоўцы насельніцтва. У школах, бібліятэках і прыватных дамах праходзіла канфіскацыя кніг, якія потым вывозіліся ў Глыбокае і там знішчаліся.

З канца 1941 гада ў раёне былі адкрыты пачатковыя і няпоўныя сярэднія школы. Для кантролю за іх дзейнасцю ўводзілася пасада школьнага інспектара, у абавязкі якога ўваходзіла і выкананне іншых дробных спраў. Настаўнікаў не хапала: многія не хацелі працаваць у нямецкай школе, таму неўзабаве былі адкрыты курсы па падрыхтоўцы педагогаў.

Кантроль над акупаванай тэрыторыяй забяспечвала сістэма нямецкіх гарнізонаў і паліцэйскіх участкаў. Але, нягледзячы на жорсткі фашысцкі прыгнёт, жыхары раёна аказвалі супраціўленне, падымаліся на барацьбу з захопнікамі.

Нямецкія ўлады ўсталявалі на Браслаўшчыне рэжым беззаконня, рабавання і тэрору. За гады акупацыі фашысты знішчылі ў краі каля 10 тысяч жыхароў, у ліку якіх савецкія і партыйныя работнікі, яўрэі, цыгане, сяляне. Падчас вайны каля 5 тысяч чалавек з Браслаўскага гета расстралялі фашысты на паўночнай ускраіне горада, больш за 700 – у Друі, каля 200 – у Опсе, Казянах. У Германію вывезлі звыш 3 тысяч чалавек, пераважна юнакоў і дзяўчат. ■

Паводле інфармацыі Браслаўскага раённага аб’яднання музеяў.