У Опсе адбыўся творчы вечар паэта Пятра Кухаронка

Общество
Запоўненая гледачамі зала, цудоўныя песні, гучныя апладысменты і воклічы «Брава!» – так у Опсаўскім цэнтры літаратуры і адпачынку прайшоў творчы вечар паэта, кампазітара, кіраўніка вакальнага калектыву і акампаніятара Пагашчанскага сельскага Дома культуры Пятра Кухаронка.

Па словах самога аўтара, песень напісана ўжо багата – каля чатырох дзясяткаў, таму і з’явілася патрэба падзяліцца творчасцю з землякамі. Мерапрыемства арганізавалі ў Опсе, бо П. Кухаронак нямала гадоў пражыў у гэтым аграгарадку, менавіта тут спасцігаў музычную навуку, мае шмат сяброў і знаёмых.

У пачатку сустрэчы прагучала пажаданне, каб песні і вершы таленавітага паэта і кампазітара засталіся ў сэрцах гледачоў. А інакш і быць не магло: творы Пятра Кухаронка вылучаюцца шчырасцю і душэўнасцю, любоўю да людзей і родных мясцін. «Вясновы капрыз», «Мелодыя душы», «Спяём, землякі», «Дарога ў дзяцінства», «Вальс на ўсе часы» і інш. – кожны з трынаццаці нумароў, арыгінальны і непаўторны, прымусіў прысутных у зале перажываць і разважаць. Яны гучалі як у аўтарскім выкананні, так і салістак Раённага цэнтра культуры Валянціны Пінаевай і Марыны Карач. Мноства станоўчых эмоцый у гледачоў выклікала песня «Я люблю цябе, мама», якую маці з дачкой праспявалі асабліва пранікнёна. Музычным падарункам павіншавалі свайго кіраўніка і ўдзельніцы вакальнай групы «Каларыт» Пагашчанскага СДК.

Падчас мерапрыемства панавала надзвычай цёплая і нязмушаная атмасфера. Музычныя нумары перамяжоўваліся вершамі П. Кухаронка, у якіх паўней раскрываўся свет гэтага таленавітага чалавека. Прысутным таксама цікава было даведацца пра некаторыя моманты яго творчасці, якімі аўтар ахвотна дзяліўся.

Творчы вечар атрымаўся змястоўным і душэўным. Сведчаннем таму сталі працяглыя апладысменты, шматлікія букеты кветак для героя ўрачыстасці і захопленыя водгукі гледачоў, якія шчыра віншавалі земляка з удалым мерапрыемствам. Да іх далучылася і галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Людміла Новікава. Яна ўручыла Пятру Кухаронку Ганаровую грамату аддзела і адзначыла, што паэт і кампазітар годна вытрымаў своеасаблівы экзамен, атрымаўшы прызнанне людзей, знайшоў сваё месца ў жыцці і стаў сапраўдным прафесіяналам.


Алена МІХАЙЛОВІЧ, жыхарка в. Медзюкі:

– Мне давялося раней працаваць з Пятром Кухаронкам. Ведаю яго як адказнага чалавека, які валодае выдатным голасам і слыхам. Што б ні стаў напяваць хтосьці – адразу падхоплівае мелодыю. Музыкант, як кажуць, ад бога. Для мяне стала адкрыццём, што ён піша вершы і аўтарскія песні. Проста не хапае слоў, каб выказаць уражанні ад творчага вечара: лічу, што ён удаўся і прайшоў на вельмі высокім узроўні. ■

Жанна БЯЛЬКО