Паштовы тракт і Прыдруйск. Працягваем вывучваць гістарычную азбуку Друі

Общество
У чарговым артыкуле, прысвечаным аграгарадку Друя, мы вывучаем літару П.
ПАДЗЯВА ТОМАШ

Наш зямляк – вядомы рэлігійны дзеяч, педагог, гуманіст, падзвіжнік беларускага замежнага руху. Стаў манахам-марыянінам у Друі ў 1926 г. Адначасова Т. Падзява вучыўся ў гімназіі і скончыў яе ў 1929 годзе. Далейшую адукацыю атрымаў у Рыме ў папскім грыгарыянскім універсітэце, стаў доктарам філасофіі і быў асвечаны на святара. У далейшым працаваў выкладчыкам у ліцэі св. Мікалая ў Харбіне (Кітай). У снежні 1948 г. групу святароў кітайскія жаўнеры перадалі савецкім органам НКУС – Т. Падзява быў асуджаны да 25 гадоў зняволення і правёў у лагерах шэсць гадоў. У 1955 г. святар выехаў у Польшчу, дзе працаваў выкладчыкам, займаўся навуковымі даследаваннямі. За вялікія заслугі ў галінах тэалагічных навук у 1969 г. быў узнагароджаны залатым крыжам. Са жніўня 1969 г. святар у Вялікабрытаніі выконваў абавязкі раднага і сакратара рады дома айцоў марыян, працаваў у беларускім аддзяленні Ватыканскага радыё. Памёр у 1975 г. і пахаваны ў Лондане.

ПАШТОВЫ ТРАКТ

Згодна з гістарычнымі крыніцамі, у канцы ХVІІІ стагоддзя праз Друю праходзіў паштовы тракт Пецярбург – Вена. Гэта дарога, па якой ажыццяўлялася перавозка паштовых адпраўленняў. Дарэчы, у некаторых кнігах-дарожніках Расійскай імперыі ёсць упамінанні пра Друю з пазнакай адлегласці да яе ад розных населеных пунктаў.

ПАРОМ

Многія жыхары Браслаўскага раёна яшчэ могуць падзяліцца ўспамінамі пра паром, які функцыянаваў паміж Друяй і Латвіяй на працягу 50 гадоў. З яго дапамогай наведвалі родных, ездзілі па справах і за пакупкамі да суседзяў у Латвію. З’явіўся ён пасля вайны і напачатку быў на ручной цязе, а пасля паставілі матор. Простай формы, драўляны, ён перавозіў не толькі людзей, але і аўтамашыны.

ПРЫДРУЙСК

Сучасная назва – Піедруя. Гістарычна аграгарадок-юбіляр складаўся з некалькіх частак – Сапежына, Друі і Прыдруйска на процілеглым беразе Дзвіны. Лічыцца, што Прыдруйск быў заснаваны ў 1618 год Янам Сапегам. Па даных на 2016 год, там жылі 118 чалавек. ■

Алена НАБЕЕВА