Корманарыхтоўка на Браслаўшчыне ў разгары: траншэі запаўняюцца сенажом

Деньги
У касавіцу ўключыліся абсалютна ўсе сельгаспрадпрыемствы раёна. Надвор’е спрыяе хуткай сушцы сена і падвяльванню сенажу, і калі яно не будзе перашкаджаць, аграрыі своечасова справяцца з заданнем скасіць першым укосам 10,5 тыс. га.

Вось толькі ў аграномаў ды заатэхнікаў няма ўпэўненасці ў важкім травастоі. Халодная зацяглая вясна не давала раслінам магчымасці набраць моцы. Таму пачынаюць касьбу з найлепшых участкаў, не спяшаюцца касіць слабую траву, даюць ёй час набрацца соку. Ёсць і яшчэ адна праблема, якая закранула ў гэтым годзе абсалютна ўсе гаспадаркі, – недастатковая падкормка. Але трэба адзначыць: нягледзячы ні на што, аграрыі Браслаўшчыны настроены пазітыўна.

На раніцу панядзелка ў раёне скошана 1 774 га траў, або 16,9 %. Нарыхтавана 195 тон сена і амаль 3,5 тыс. тон сенажу. Актыўна пачалася касавіца ў ААТ «Мяжаны». Як расказаў аграном гаспадаркі Анатоль Пруднік, кармы тут пачалі рыхтаваць 7 чэрвеня. У кормаатрад уваходзяць дзве касілкі, граблі, КВК, які падбірае і загружае сянаж, тры адзінкі тэхнікі на адвозцы, трамбуе траншэі «Амкадор». Паралельна яшчэ адна касілка падкошвае пашы пасля страўлівання. У рабоце задзейнічаны толькі кадры сельгаспрадпрыемства, па дапамогу старонніх тут стараюцца не звяртацца. Хоць у гаспадарцы рабочы дзень з 7 раніцы і да 21 гадзіны вечара, але людзі зацікаўлены атрымаць большыя заробкі. Кормяць механізатараў і вадзіцеляў 2 разы на дзень, абавязкова гарачымі, толькі што прыгатаванымі абедамі.

– Пачалі закладваць траншэі ля фермы ў Барунах, – расказвае А. Пруднік. – Яны у нас невялікія – па 320 – 350 тон. Першыя закладалі з падкоскі пашы, цяпер узяліся за тыя палі, дзе лепшы травастой. Праўда, пакуль ён нас не радуе там: летась бралі па 300 тон за дзень, сёлета – удвая менш.

Па словах агранома, цяпер плануюць узмацніць нарыхтоўку сена, тым больш што сіноптыкі абяцаюць спякотнае надвор’е без дажджу. Будуць імкнуцца да 24 чэрвеня нарыхтаваць сена для маленькіх цялят.

Увогуле на раніцу панядзелка ў «Мяжанах» скошана 176 га траў, або 25,1 % ад плана. Нарыхтавана 27 тон сена (9 %) і закладзена ў траншэі 745 тон сакавітых сянажных кармоў (13,5 %).


У ААТ «Мяжаны» на «Амкадоры» працуе Генадзь Закшэўскі. Цяпер ён задзейнічаны на трамбоўцы траншэй. Гэта вельмі адказная работа, дзе патрэбны і спецыяльныя навыкі, і цярпенне: не так проста ездзіць цэлы дзень па адным месцы, калі карціна за акном не мяняецца. Кіраўніцтва гаспадаркі паважае гэтага работніка за яго прафесіяналізм, адказнасць і ўменне. Ён даглядае тэхніку і вельмі беражліва адносіцца да яе. Напрыклад, мінулы свой пагрузчык Генадзь атрымаў у 2006 годзе і да самага спісання машына не патрабавала складанага рамонту і выдаткаў. Г. Закшэўскі кожны вечар і раніцай даводзіў яе вузлы і механізмы да толку. Цяпер атрымаў тэхніку, як кажуць, у спадчыну ад іншага вадзіцеля і на працягу пэўнага часу наладжваў яе, перабіраў механізмы. Цяпер «Амкадор» у надзейных руках і працуе як гадзіннік. ■
Вольга ПАТАПОВІЧ