Корманарыхтоўка: у ААТ «Друйскі» пачалі закладваць першыя траншэі

Деньги
Першы сянаж, які зімой будзе галоўнай ежай для жывёлы, пачалі закладваць у ААТ «Друйскі».

На раніцу ўчарашняга дня тут скасілі 64 га (5,8 %) траў першага ўкосу, з якіх насушылі 6 тон сена і нарыхтавалі 53 тоны сакавітага сенажу. Як расказаў галоўны аграном гаспадаркі Іван Мядзіль, пачалі сёлета з клевяроў, якія па тэхналагічных нормах трэба было падкасіць, каб пазней атрымаць насенне гэтай травы. Падвялены травастой пайшоў на закладку першай траншэі.

Каб кармы былі смачнымі і пажыўнымі, у гаспадарцы строга выконваюць тэхналогію іх закладкі і захавання. Падвялены да пэўнай кандыцыі сянаж шчыльна трамбуе «Амкадор», за працэсам пільна сочыць аграном, які вымярае вільготнасць будучага корму і падлічвае колькасць закладзенага.

Пакуль корманарыхтоўчы працэс вядзецца адным атрадам. У ім на КВК800 працуе Анатоль Дундзер, на МТЗ з касой – Васіль Шаляпёнак, з граблямі ўпраўляецца Сяргей Матушаў, на адвозцы занятыя Павел Букей, Еўдакім Кірылаў і Аляксандр Сінкевіч. Дарэчы, гаспадарка адчувае востры дэфіцыт механізатараў, таму ў разгар сезона чакае падтрымкі ад гарадскіх арганізацый, якія і раней дапамагалі не толькі кадрамі, а і тэхнікай. ■

Вольга ПАТАПОВІЧ