Такі ж надзейны, як і яго экскаватар. Браслаўчанін з 2007 года працуе меліяратарам

Новости
Заўтра меліяратары Беларусі адзначаюць сваё прафесійнае свята. Успомніць пра яго ёсць нагода і ў мноства ветэранаў і працаўнікоў Браслаўскага ПМС, якія калісьці пабудавалі, а потым на працягу дзесяцігоддзяў здзяйснялі на тэрыторыі раёна тэхнічны догляд 71 меліярацыйнай сістэмы.

Праўда, сёлета для браслаўскіх прадстаўнікоў галіны свята авеяна смуткам: каторы год запар ПМС імкнулася ўмацаваць сваё фінансавае становішча і ўсё ж такі абанкруцілася. Цяпер забяспечваць аптымальны водна-паветраны рэжым на асушаных браслаўскіх землях (амаль 1,5 тыс. км адкрытай асушальнай сеткі, 11,5 тыс. км – дрэнажнай) будзе Міёрскае ПМС, у тым ліку і з дапамогай нашых меліяратараў, 33 чалавекі якіх прыняты на работу ў ПМС суседняга раёна.

Па словах намесніка дырэктара па эксплуатацыі Міёрскага ПМС Юрыя Леўшы, у нашым рэгіёне па-ранейшаму здзяйсняецца не толькі тэхнічны догляд меліярацыйных сістэм, працягваецца і іх рэканструкцыя. Так, у маі ў «Агравідзах» здалі ў эксплуатацыю МС «Гвардыя» плошчай 62 гектары. Цяпер жа пачалі займацца рэканструкцыяй МС «Мартынаўцы» ў райаграсэрвісе.

Машыніст экскаватара Сяргей Мітрафанаў – адзін з тых, хто і сёння працуе на асушаных землях. У 2007 годзе ён працаўладкаваўся ў Браслаўскае ПМС машыністам аўтагрэйдэра, калі ж на прадпрыемства паступіў з Коханава (Талачынскі раён) новенькі экскаватар, спецыялізаваны агрэгат даверылі Сяргею, які калісьці атрымаў правы кіравання ім ў Друйскім СПТВ-172.

– Другога чэрвеня споўнілася 12 гадоў, як мы з экскаватарам разам, кажа Сяргей. – Кармілец мой, за гэты час ні разу мяне не падвёў, свае функцыі выконвае. Не магу нават прыблізна сказаць, колькі кіламетраў каналаў прачысціў на ім ад заглейвання, пракапаў новых падчас рэканструкцыі ці капрамонту.

А Юрый Леўша ў сваю чаргу, усміхаючыся, сцвярджае, што Сяргей Мітрафанаў на даручаным участку работы такі ж надзейны, як і яго экскаватар. Цяпер, напрыклад, спрактыкаваны машыніст па заяўцы нацыянальнага парка займаецца добраўпарадкаваннем берагавой лініі воз. Саванар. ■

Казімір ПЯТУШКА