Калектывы з усёй Беларусі прынялі ўдзел у традыцыйным песенным конкурсе «Браслаўская харавая асамблея»

Новости
Традыцыйны песенны конкурс «Браслаўская харавая асамблея» прайшоў ў дзявяты раз і сабраў калектывы з усёй Беларусі.

Музычны форум праходзіў у дзвюх узроставых катэгорыях, у якіх прымалі ўдзел дарослыя, а таксама дзіцяча-юнацкія хоры. Ацэньвала ўдзельнікаў кампетэнтнае журы ў складзе Аляксандра Суворава, загадчыка харавым аддзяленнем, выкладчыка харавых дысцыплін Віцебскага дзяржаўнага музычнага каледжа, Наталлі Бракавай, выкладчыка харавых дысцыплін Віцебскага дзяржаўнага музычнага каледжа, Кацярыны Лабука, дырэктара Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і іншых не менш паважаных прафесіяналаў у харавых спевах.

Адкрылі асамблею юныя ўдзельнікі – шэсць калектываў з Глыбоцкай, Докшыцкай, Лепельскай, Шумілінскай, Ушацкай і Заслонаўскай (Лепельскі раён) ДШМ. Яны выконвалі па дзве песні, адна з якіх гучала акапэльна. Журы падчас падвядзення вынікаў адзначыла, што ў сучасным свеце існуюць розныя віды мастацтва, аднак харавы жанр – гэта акадэмічная падрыхтоўка, якая дае магчымасць стаць спеваком шырокага гарызонту. «Хор фарміруе музычны густ і дае грунтоўную падрыхтоўку. Дзеці, якія сёння спяваюць у ім, маюць вялікую будучыню. Рашэнне пра прысуджэнне першага месца было складаным, прызёраў раздзяляе толькі некалькі балаў, а гэта значыць, што канкурэнцыя адбылася», – падкрэсліў А. Сувораў. Пераможцам жа конкурсу сталі юныя спевакі з Ушач, другое і трэцяе месцы дасталіся харам з Лепеля і Шуміліна.

Выступленні дзяцей задалі высокі узровень усёй асамблеі і паказалі, што калі дзіцячыя хары настолькі падрыхтаваныя, то якая ж канкурэнцыя будзе сярод дарослых, а тых дарэчы, было 19 калектываў. Некаторыя ехалі здалёк, каб прыняць удзел у мерапрыемстве. Так, напрыклад, давялося пазнаёміцца з гомельскімі ўдзельнікамі, якія дабіраліся да Браслава 8,5 гадзіны, выступілі і адправіліся ў такіх ж доўгі шлях дахаты. Радуе, што ў вялікім спісе канкурсантаў былі і нашы землякі: народныя ансамблі народнай песні «На панадворку», беларускай песні «Сябрына», народнай песні «Відзаўчанка».

Другая частка песеннага марафону доўжыўлася ў Леснічоўцы некалькі гадзін і завяршылася ў рамках адкрыцця «Браслаўскіх зарніц» агульным зводным хорам. Падчас афіцыйнага старту свята адбылося і ўзнагароджанне пераможцаў конкурсу «Браслаўская харавая асамблея». У намінацыі «Акадэмічныя спевы» лепшымі сталі прадстаўнікі Наваполацка – народны камерны жаночы хор цэнтра культуры. Прыемнай навіной стала атрыманне першага месца ў намінацыі «Народныя спевы» нашым мясцовым калектывам – ансамблем «На панадворку» пад кіраўніцтвам Марыны Шыркевіч. Гран-пры ж конкурсу ўвезлі «Дзівакі» – народны ансамбль народнай песні раённага Цэнтра культуры і вольнага часу ДУК «ЦКС Асіповіцкага раёна». ■