На «Браслаўскіх зарніцах» адбылася прэм’ера новага для браслаўчан конкурсу – «Паазерскія тапаткі»

Общество
У гэтым годзе ў рамках фестывалю адбылася прэм’ера новага для браслаўчан конкурсу народнага танца «Паазерскія тапаткі». Ён стаў своеасаблівай разынкай мерапрыемства.

У танцавальным батле прынялі ўдзел 16 калектываў з усёй Беларусі. Конкурс праходзіў у дзвюх намінацыях: «Беларускі народны танец» і «Народны танец». Трэба адзначыць, што за п’едэстал пераможцаў змагаліся як прафесіянальныя, так і аматарскія калектывы. На адным узроўні з ужо вопытнымі дарослымі дэманстравалі свае адточаныя танцавальныя навыкі дзеці і падлеткі. Конкурс быў дастаткова відовішчным і сабраў у «Леснічоўцы» нямала аматараў танцаў.

Падвесці вынікі журы было складана, бо абсалютна ўсе калектывы паказалі высокі ўзровень падрыхтоўкі.

«Прыемна бачыць, што народныя танцы па-ранейшаму жывуць на Беларусі, іх з задавальненнем развучвае і выконвае на сцэне як старэйшае пакаленне, так і дзеткі», – адзначыла старшыня журы, начальнік упраўлення культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Ірына Карповіч. Яна таксама падзякавала ўсім педагогам за высокі ўзровень падрыхтоўкі танцоўшчыкаў, за працу з дзеткамі і за захаванне народных беларускіх танцаў у сучаснай культуры краіны.

Кажучы пра пераможцаў: у намінацыі «Беларускі народны танец» трэцяе месца заняў заслужаны аматарскі калектыў Беларусі народны харэаграфічны ансамбль «Карнавал» УП «Віцебскаблгаз», другім стаў заслужаны аматарскі калектыў Беларусі народны харэаграфічны ансамбль «Рунь» з Магілёва, а лаўрэатам конкурсу прызнаны ўзорны ансамбль танца «Гарэза» ЦК «Віцебск».

У другой намінацыі, дзе дэманстраваліся танцы разнастайных народаў свету трэцім зноў жа стаў харэаграфічны калектыў УП «Віцебскаблгаз» «Прэм’ера», другое месца прысудзілі заслужанаму аматарскаму калектыву Беларусі народнаму ансамблю танца «На ростанях» з ВДККіМ, а лідарам конкурсу прызнаны заслужаны аматарскі калектыў Беларусі ўзорны харэаграфічны ансамбль «Зорька» з ЦК «Віцебск».

Спецыяльны прыз атрымала народная студыя сучаснага танца УА «Віцебскі дзяржаўны каледж культуры і мастацтваў». ■