Падвор’е «Браслаўскі фальварак» прэзентавалі ў новым фармаце

Общество

Сёлета ў адрозненне ад папярэдніх гадоў, калі на «Браслаўскім фальварку» сельсаветы больш прадстаўлялі адметныя асаблівасці нацыянальнай кухні пэўнай мясцовасці, акцэнт змясціўся на творчыя здольнасці землякоў.

Наш браслаўскі край славіцца не толькі маляўнічымі азёрамі, але і гасціннасцю, неардынарнымі вырабамі, створанымі працавітымі і таленавітымі людзьмі. У нядзелю на падворку «Браслаўскі фальварак» свае творчыя работы прадставілі ўдзельнікі клуба народных майстроў «Ля возера». Побач з імі разгарнулася выстаўка-кірмаш творцаў аддзяленняў для інвалідаў і пажылых грамадзян тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання. Яе разыначкай быў майстар-клас інваліда другой групы Людмілы Сінкевіч па роспісе імбірных пернікаў. Гэтыя салодкія прысмакі, вырабленыя з натуральных прадуктаў і аформленыя тэматычна, не толькі смачныя, а і прыгожыя. Таму іх можна набыць і ў якасці арыгінальнага падарунка.

Цэнтр дзяцей і моладзі прадставіў крэатыўныя работы таленавітых вучняў і настаўнікаў школ раёна, дзе гарманічна спляталіся традыцыйныя рамёствы з сучаснымі. Асаблівы гонар выставы ўстаноў адукацыі – тэхналогія спіральнага пляцення з саломкі. У 2020 годзе яна атрымала статус гісторыка-культурнай спадчыны Браслаўскага паазер’я. І тут жа педагог ЦДіМ Мікалай Дзянісаў праводзіў майстар-клас па гэтай тэхналогіі.

Наведвальнікі фальварка не абміналі і прыветлівых жанчын з Іказненскага СДК, якія частавалі гарачымі блінкамі, спечанымі на вачах гледачоў па традыцыйных вясковых рэцэптах. Па суседству з імі вучні Слабодкаўскай школы, дзе для развіцця сельскагаспадарчага прадпрымальніцтва рэалізуецца праект грамадскага аб’яднання «Беларускі зялёны крыж» «Школьны сад», лагодна прапаноўвалі адчуць і смак травянога чаю, восем гатункаў якога дзеці рыхтуюць з вырашчанай на прышкольным участку мяты, лаванды, мацярдушкі і іншых траў.

Пра турыстычны патэнцыял заказніка «Рычы» расказваў дырэктар прыродаахоўнай установы Аляксандр Молакаў. Дарэчы, на падворку можна было і рыбку палавіць, праўда, з бочкі ды голымі рукамі. Шчасліўцы такой рыбалкі атрымлівалі ў падарунак сакавітую рыбку з браслаўскіх азёр, вэнджаную па мясцовым рэцэпце. На выхадзе ж з фальварка гасцей свята вясёлымі песнямі ды каларытнымі танцамі віталі ўдзельнікі народнага фальклорнага калектыву «Вярба». ■