Узбіралася на Эльбрус некалькі разоў. Незвычайная браслаўчанка адзначыла свой 85-гадовы юбілей

Общество
Побач з намі шмат людзей старэйшага ўзросту, жыццёвы шлях і вопыт якіх заслугоўваюць павагі і з’яўляюцца прыкладам для кожнага. На днях свой 85-гадовы юбілей адзначыла жыхарка агр. Слабодка Соф’я Іосіфаўна Чапкоўская.

Гэтая значная дата, якую імянінніца сустрэла ў акружэнні родных і блізкіх, стала нагодай узгадаць мінулае – яно ў С. Чапкоўскай багатае на падзеі. Як і ў большасці яе равеснікаў з в. Герчаны, першыя ўспаміны тады 5-гадовай дзяўчынкі звязаны з вайной. У тым ліхалецці сям’я страціла бацьку, які памёр пасля пабояў паліцая, а Соф’я з маці цудам уцалелі падчас страшнага падарожжа: немцы гналі мясцовых жыхароў разам з бежанцамі з Расіі як сваё прыкрыццё. Калі дайшлі да Даўгаўпілса, усіх сагналі ў пасёлку ў адрыну, многія былі хворыя. Знайшоўся адзін немец, які па-польску папярэдзіў, што будыніну спаляць з людзьмі, і паказаў акно для ўцёкаў. Каб выратавацца, давялося ляжаць у балоце, там жа перацярпець абстрэл немцаў. Але Соф’і пашанцавала выжыць і вярнуцца дадому. У мірны час маці насіла пошту, яна ж хадзіла ў школу і, як магла, дапамагала старэйшым.

Прафесію С. Чапкоўская набывала ў медыцынскім вучылішчы ў Даўгаўпілсе, але перашкодзілі праблемы з жыллём. А тут, у Браславе, якраз адкрылі медвучылішча – яго і закончыла. Яшчэ падчас вучобы працавала палатнай сястрой: галоўны ўрач прыняў на работу, зладзіўшы сур’ёзны экзамен. Адміністрацыя бачыла яе аперацыйнай сястрой, аднак Соф’я Іосіфаўна выбрала працу ў псіхіятрычнай бальніцы. Была магчымасць паступіць і ў інстытут, але давялося адмовіцца: рана выйшла замуж і на той час мела ўжо дваіх дзяцей. Праўда, з вучобай у С. Чапкоўскай звязана нямала часу: сама займалася на курсах па павышэнні кваліфікацыі, дапамагала мужу Роланду, які, закончыўшы вячэрнюю школу, таксама пажадаў стаць медыкам. Гэта асобная гісторыя: з-за ўзросту – а было яму тады 32 гады – мужчыну не хацелі прымаць у медвучылішча, і толькі пасля звароту ў міністэрства сітуацыя вырашылася станоўча. Так утварылася сямейная дынастыя: сярод дзяцей і ўнукаў таксама ёсць медыкі. Соф’я Чапкоўская па-добраму зайздросціць сучасным спецыялістам: раней нават капельніцу складана было паставіць, а цяпер столькі розных тэхналогій.

Працавала Соф’я Іосіфаўна ў бальніцы галоўнай медсястрой. Клопатаў хапала, а яшчэ даводзілася дапамагаць у калгасе: ездзілі то на сена, то на лён. Сям’я была немалая, таму, нягледзячы на занятасць на рабоце, трымалі гаспадарку. Праўда, са смехам узгадвае Соф’я Іосіфаўна, карову трымалі нядоўга: давялося развітацца з ёй пасля таго, як тая, пераплыўшы возера, паласавалася школьнай капустай, якую гаспадыня мусіла выкупіць.

Добра памятае імянінніца і культурнае жыццё савецкага часу: медыкі ўдзельнічалі ў розных мерапрыемствах, арганізавалі хор з 60 чалавек і вакальныя групы, на выхадных выступалі па калгасах. З асаблівым пачуццём успамінае С. Чапкоўская прафсаюзнае жыццё бальніцы, часткай якога былі экскурсійныя паездкі. Вялікі аматар падарожжаў, жанчына пабыла ў многіх гарадах і краінах, шмат чаго пабачыла. Яна дасканала ведае польскую мову, крыху – нямецкую, гэта аказалася карысным падчас шматлікіх паездак. Нават на Эльбрус Соф’я Іосіфаўна ўзбіралася не адзін раз, была на мяжы, дзе сустракаецца Еўропа і Азія. Да гэтага часу захапляецца прыгажосцю велічных гор, пераглядае фатаграфіі, якіх у яе багата, – у свой вольны час яна вельмі любіла здымаць. Сама здзіўляецца таму, што многія цікавыя паездкі атрымліваліся выпадкова: напрыклад, са Сталінградам пазнаёмілася з-за тэхнічнай няспраўнасці самалёта, у Казахстан суправаджала хворага і г. д. Дарэчы, С. Чапкоўская гадавала з мужам чатырох дзяцей, і ўсе яны маленькімі ездзілі з маці ў вандроўкі – у сям’і багата агульных успамінаў.

– Працавалі, безумоўна, шмат, затое жыццё было насычанае, вясёлае ды цікавае. Хоць і без цяжкасцей таксама не абыходзілася, – кажа Соф’я Іосіфаўна. – Я тым шчаслівая, што ніколі не было ў мяне злосці. Напрыклад, не хапае грошай, ну і няхай сабе. Важней, што заўсёды мяне акружалі добрыя людзі. ■

Жанна БЯЛЬКО