У СШ № 2 правялі конкурс чытальнікаў «Велікодная радасць»

Общество
Вялікдзень, які праваслаўныя вернікі адзначалі ў пачатку мая, настолькі значная падзея, што не абмяжоўваецца адным днём. Пасля ўзнёслага «свята свят» увесь наступны тыдзень, які называюць Светлай сядміцай, звычайна напоўнены асаблівай радасцю, а велікодны настрой падтрымліваецца яшчэ на працягу сарака дзён: у храмах ідуць урачыстыя службы, таксама праводзіцца шмат мерапрыемстваў. У СШ № 2 да гэтага часу прымеркавалі конкурс чытальнікаў «Велікодная радасць».

З прывітальным словам да вучняў 1 – 4 класаў і педагогаў звярнуўся благачынны Браслаўскай царкоўнай акругі протаіерэй Міхаіл Каляда. Павіншаваўшы прысутных, ён пажадаў, каб сталая радасць ад гэтага вялікага свята суправаджала ўсіх па жыцці. Урачысты настрой выступлення падтрымалі цудоўныя нумары ў выкананні навучэнцаў школы.

Конкурсная праграма мерапрыемства атрымалася цікавая і эмацыянальная. Юныя ўдзельнікі, сярод якіх былі і выхаванцы нядзельнай школы пры храме Успення Прасвятой Багародзіцы, выдатна справіліся са сваёй задачай: выбраныя вершы адпавядалі тэматыцы, дзеці прадэманстравалі творчы падыход, выканаўчае майстэрства і артыстызм. А пацвярджэннем таму сталі гучныя апладысменты гледачоў, узрушаных пранікнёным чытаннем духоўнай паэзіі. Таму журы, у складзе якога працавалі дырэктар СШ № 2 Анатоль Невярковіч, яго намеснік па вучэбнай рабоце Людміла Струкава і протаіерэй Міхаіл Каляда, было няпроста вызначыць пераможцаў. У выніку лепшымі чытальнікамі прызнаны Мілена Навумава, Глеб Петухоў і Алёна Бабінская, якім дырэктар школы ўручыў дыпломы і тэматычныя сувеніры.

Таксама ў фае ўстановы адукацыі ўсе жадаючыя маглі пазнаёміцца з выстаўкай велікодных работ, створаных таленавітымі навучэнцамі. ■

Жанна БЯЛЬКО