На Браслаўшчыне пачаўся летне-пашавы перыяд

Деньги
У сельскай гаспадарцы не толькі праца хлебаробаў залежыць ад надвор’я. На жаль, на ім завязана і жывёлагадоўля. Па-першае, гэта рост траў, якія з’яўляюцца асноўнай ежай кароў, па-другое, адносна нізкая тэмпература паветра і ападкі ўздзейнічаюць на фізічны стан жывёлы, што негатыўна адбіваецца на ўдоях. Радуе толькі тое, што пакуль нядрэнна растуць кармавыя травы. Менавіта з-за капрызаў надвор’я сёлета не спяшаліся выганяць буйную рагатую жывёлу на пашу.

Як расказала першы намеснік начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Людміла Маслоўская, у гэтым годзе ўсе гаспадаркі раёна загадзя былі гатовыя да вываду дойнага статка на пашу, але зрабіць гэта не дазваляла надвор’е.

– Для жывёлы выхад з-пад даху заўсёды вялікі стрэс, – кажа спецыяліст, – і каб не ганяць кароў туды-сюды, а разам з гэтым не цярпець нястачу малака, мы вырашылі не рызыкаваць, а перастрахаваліся, дабавіўшы некалькі дзён да стойлавага перыяду. І, трэба сказаць, не прагадалі. Яшчэ да выхаду на палі ўдоі па раёне сталі паціху прырастаць за кошт падкорму жывёлы рапсавым шротам і канцантраваных кармоў.

Першымі на вуліцу вывелі дойны статак у ААТ «Друйскі». Там у апошнія дні красавіка травастой на пашы ўжо быў дастаткова добры. Літаральна за наступных 10 дзён усе гаспадаркі раёна перавялі жывёлу на кругласутачнае пашавае ўтрыманне. Цяпер на свежых сакавітых кармах у раёне ўтрымліваецца 5 250 галоў дойнага статка і 2 138 цёлак.

Звычайна ў пачатку пашавага перыяду чакаецца зніжэнне малочнай прадукцыйнасці жывёлы і якасці малака, аднак сёлета гэтага асабліва не адчулі. Не было рэзкага падзення надояў, магчыма, яшчэ і таму, што жывёлу загадзя рыхтавалі да пераходу на новы рацыён.

Найлепшых вынікаў дабіліся ў КУСП «Відзаўскі»: тут сярэдні ўдой ад каровы адносна мінулагодняга ўзрос на 1,51 кг. Добры вал малака ў «Бярозавым краі» (106 %), а вал з нарастаючым вынікам з пачатку года складае 124,4 %. Да пашавага перыяду таксама адной з першых была гатова гэтая гаспадарка. Ужо 15 красавіка на лінейцы гатоўнасці тут стаялі перасоўныя даільныя ўстаноўкі, бочкі для вады, малака і домікі для пастухоў.

Увогуле, як адзначыла Л. Маслоўская, у «Бярозавым краі» са зменай кіраўніка многае змянілася. Радуе, што змены гэтыя станоўчыя.

– З прыходам дырэктара Ігара Брынкевіча паказчыкі ў жывёлагадоўчай галіне таварыства палепшыліся, вытворчасць малака таксама паступова павялічваецца. Бачачы змены, у гаспадарку сталі вяртацца кадры. Вывад адназначны: як арганізуе дырэктар працу сваіх падначаленых, такімі будуць і вынікі. Гаспадарка пасля моцнага заняпаду пачынае свой новы жыццёвы віток, бо работнікі ўжо даверыліся кіраўніку і смела крочаць за ім.

Цяпер у «Бярозавым краі» ўвесь статак знаходзіцца на пашы. Загадчыца МТФ «Белая» Ганна Сайдак расказала, што наступленню вясны рада не толькі жывёла, разам з ёй акрыялі і работнікі фермы. Тры даяркі дояць статак у 237 галоў і кожны дзень бачаць у халадзільных устаноўках плюс.

Малака прыбавілася з-за добрага травастою, а таксама, як кажуць даяркі, з-за наяўнасці канцэнтрату ў рацыёне кароў. У час дойкі кожная з іх атрымлівае невялікую дозу прыкорму, таму яны і хутка прывучыліся да новых умоў даення, бо кожная кароўка ведае, што на месцы яе чакае смачны сюрпрыз.

Работніц фермы «Белая» вельмі радуе значнае павелічэнне надояў. З выхадам іх кароў на поле, кажа загадчыца, колькасць здаваемага малака ўзрасла ўдвая, а гэта значыць, што чакаецца добрая прыбаўка да заробку.

Дарэчы, у гаспадарках раёна жывёлаводы разам з паляпшэннем надвор’я чакаюць «вялікага малака», а пакуль рады хоць і нязначнай прыбаўцы надояў. ■

Вольга ПАТАПОВІЧ