Прывілей Сапегі і магдэбургскае права. Працягваем вывучаць гістарычную азбуку Друі

Общество
Напярэдадні юбілею Друі мы працягваем складаць сімвалічную гістарычную азбуку. Сёння вывучаем літары М, Н, О.

М – МАГДЭБУРГСКАЕ ПРАВА

У жніўня 1618 года Ян Станіслаў Сапега падпісаў прывілей на заснаванне побач з Друяй новага горада пад назвай Сапежын з разлікам ператварыць яго ў значны рамесны, гандлёвы і абарончы пункт. Праз некаторы час ён атрымаў Магдэбургскае права і герб. Прывілей Сапегі неаднойчы пацвярджаўся вялікімі князямі ў ХVІІ–ХVІІІ стагоддзях. 3 пераходам пад юрысдыкцыю Сапегаў усёй Друі Магдэбургскае права пашырылася на іншыя часткі горада.

М – МАНАСТЫР АЙЦОЎ МАРЫЯН

У 1923 годзе Папа Пій ХІ дазволіў заснаваць у Друі манастыр айцоў марыян і перадаць ім касцёл і парафію. Папскі акт фундацыі пастанаўляў, што мэтай дзейнасці друйскіх марыян павінна быць аднаўленне старога манастырскага будынка, заснаванне школы і навіцыянту для беларусаў – кандыдатаў у манахі – для працы сярод беларускага праваслаўнага насельніцтва. На працягу першых гадоў дзейнасці манастыра адрамантавалі касцёл і вялася гаспадарка. Ужо ў 1923-м тут была заснавана гімназія, у якой праводзілася вялікая адукацыйная і выхаваўчая работа. Дзейнасць манастыра ў Друі спынілася ў 1938 годзе.

Н – НАРУШЭВІЧ ЮЗАФ

Як вядома, Друя – радзіма многіх слаўных людзей. Адзін з іх – Юзаф Нарушэвіч. Гэта оперны спявак, які быў знакаміты ў 1920–1930-я гады і выступаў нават у міланскай «Ла Скала».

О – ОТАН ГЕДЭМАН

Вядомы даследчык і краязнаўца О. Гедэман з’яўляецца аўтарам гістарычнай працы «Дзісна і Друя – магдэбургскія гарады». У ёй разглядаецца іх сацыяльна-эканамічнае развіццё. У даследаванні гісторык змясціў план Друі ХVІІІ стагоддзя, па якім бачна, што яе можна падзяліць на тры часткі: старое месца (горад) на левым беразе ракі Друйкі, правабярэжны раён – Сапежын і Прыдруйск на процілеглым беразе Дзвіны. ■

Алена НАБЕЕВА