Пасяўная кампанія на Браслаўшчыне пераадолела «экватар»

Экономика и финансы
У першай палове мая ў раёне выпала вялікая колькасць ападкаў, што вельмі замарудзіла ход пасяўной кампаніі. Глеба пераўвільготнена, а ў нізінах месцамі тэхніка нават не мае магчымасці зайсці на поле.

На пачатак тыдня ў раёне з улікам выкананых работ ААТ «Глыбоцкі ККЗ» засеяна 59,7 % плошчаў, адведзеных сёлета пад яравыя культуры.

Па збожжавай групе закрылі план у «Маяку Браслаўскім», «Агравідзах», «Бярозавым краі» і «Браслаўскім РАС», астатнія гаспадаркі падцягваюцца. У аўтсайдарах «Друйскі» (68 %) і «Мяжаны» (67 %).

Бабовыя культуры адсеялі ў 4 гаспадарках раёна. Пры гэтым з запланаванага агульнага кліна 2 400 га засеяна толькі 1 419 га, або 59 %.

Рапс поўнасцю закончылі сеяць толькі ў «Маяку». У «Браслаўскім» план па ім закрылі на 77 %, «Друйскім» – 57 %, «Бярозавым краі» і «Слабодцы-агра» – амаль на 50 %.

Прыйшоў таксама час і для сяўбы кукурузы. Над гэтым ужо працуюць у шасці сельгаспрадпрыемствах. Пакуль культурай у раёне засеяна 537 га з 3 600 запланаваных.

Актыўна засяваюць палеткі аднагадовымі травамі ў «Агравідзах» і «Маяку». Паралельна вядзецца хімпраполка азімых збожжавых культур.

За тым, каб пасяўная кампанія ў раёне праходзіла бяспечна, сочыць спецыяльна створаная мабільная група па ахове працы, якая рэгулярна праводзіць маніторынг сельгаспрадпрыемстваў. Падчас абследаванняў правяраюцца ўмовы працы людзей як у мехмайстэрнях, так і на палях. Галіновы прафсаюз сочыць таксама за наяўнасцю ў механізатараў спецыяльнай вопраткі і дастаўкай абедаў на палеткі ў гарачым выглядзе. ■

Вольга ПАТАПОВІЧ