Адна прафесія на дваіх. Дзве сястры з Браслаўскага раёна сталі лаўрэатамі абласнога спаборніцтва па вытворчасці мяса-малочнай прадукцыі

Общество
Дзве сястры Вольга Шпец і Алена Умпіровіч, вылецеўшы з бацькоўскага гнязда, пайшлі кожная сваёй дарогай. Пасля школы атрымалі сярэднеспецыяльную адукацыю, працавалі ў розных галінах, выйшлі замуж і стварылі свае сем’і на малой радзіме ў в. Далёкія. Аднак яны не ведалі, што лёс наканаваў ім абедзвюм агульную работу і агульныя поспехі.

Апошнім часам Алена працавала сацыяльным работнікам, дапамагала хворым і пажылым людзям наладжваць быт, але ў вёсцы амаль не засталося яе падапечных, а ездзіць на працу далёка – нязручна. Тым больш што дома вялікая гаспадарка і чацвёра дзяцей.

Вольга ж доўгі час працавала ў землеўпарадкавальнай службе пры сельвыканкаме. Калі пасля рэарганізацыі яе пасаду скарацілі, у роднай вёсцы знайсці работу па спецыяльнасці не было магчымасці.

Каб зарабляць капейку, жанчынам прыходзілася пагаджацца на тое, што ім маглі прапанаваць на месцы, напрыклад, прыбіраць памяшканне сельсавета.

Два гады таму назад, калі ў далёкаўскай зоне пабудавалі цялятнік, Вольга адна з першых запісалася ў жадаючыя тут працаваць. Алена ж доўга вагалася. Яна сумнявалася, бо, хоць і мела вялікую гаспадарку дома, але ж ніколі не працавала ў жывёлагадоўлі. Сястра прыдала ўпэўненасці, маўляў, удзвюх лягчэй, дапамогуць адна адной, калі што.

Так сёстры палюбілі сваю новую работу і новы калектыў усёй душой і цяпер дзякуюць лёсу, што падштурхнуў іх у патрэбны час зрабіць такі важны крок. Аператары па адкорме і дарошчванні буйной рагатай жывёлы не толькі добра спраўляюцца са сваімі абавязкамі, яны яшчэ і рэгулярна займаюць лідзіруючыя месцы ў абласным спаборніцтве па вытворчасці мяса-малочнай прадукцыі. ■

Вольгі ПАТАПОВІЧ