Старэйшына вёскі Карасіна Таццяна Зянкова: такі характар — даводзіць справу да канца

Люди
Браслаўшчына не была месцам нараджэння Таццяны Зянковай з Карасіна, але гэтыя мясціны сталі для яе роднымі пасля пераезду сюды ў 1981 годзе. З той пары мінула шмат часу, жанчына, як дрэўца, прыжылася, пусціла карані і стала сваім чалавекам для аднавяскоўцаў, якія спяшаюцца да яе па параду ці дапамогу.

Т. Зянкова прыехала ў Браслаўскі раён маладым спецыялістам на працу ў камбінат бытавога абслугоўвання. «Сяброўка расказала пра сваю радзіму і прапанавала паехаць сюды», – кажа яна. Напачатку працавала ў Відзах, пасля пераехала ў Карасіна, выйшла замуж, нарадзіла дачку.

Займацца швейнай працай Т. Зянковай вельмі падабалася, былі і здольнасці, і талент, што хутка заўважылі і ацанілі мясцовыя жыхары, аднак праз некаторы час па асабістых абставінах гэтую справу давялося змяніць і шукаць сябе ў іншых сферах. У выніку ж на заслужаны адпачынак яна выходзіла інспектарам па кадрах мясцовага сельгаспрадпрыемства.

Больш за 10 гадоў таму назад карасінцы і жыхары навакольных вёсак вырашылі даверыць Т. Зянковай адказную грамадскую пасаду старэйшыны. Давялося пачынаць з нагляду за пракладкай вадаправоду – важнага пытання для вяскоўцаў. Час паказаў: людзі ў сваім выбары не памыліліся, што пацвярджаецца і прысваеннем Таццяне першага месца сярод старэйшын у раёне па выніках 2020 года. Дарэчы, гэта другая такая ўзнагарода ў жанчыны.

На падведамнай тэрыторыі Таццяны знаходзяцца 92 хатнія гаспадаркі ў 11 населеных пунктах, кола абавязкаў дастаткова шырокае. Нумар яе тэлефона ў кожным доме, важкі тэлефонны даведнік маецца і ў самой старэйшыны: яна смела тэлефануе напрамую кіраўнікам ці загадчыкам аддзелаў розных арганізацый. Такім чынам, лічыць Т. Зянкова, праблема вырашыцца хутчэй. «Я хачу, каб мае суседзі, жыхары іншых вёсак жылі ў добрых умовах. Лічу, што прамая сувязь дапамагае вырашаць усе пытанні лягчэй», – кажа яна.

Таццяна Зянкова карыстаецца аўтарытэтам у вяскоўцаў. Да яе нярэдка прыходзяць па параду (жанчына знойдзе падыход да кожнага, незалежна ад узросту), а людзі пажылыя – проста пагутарыць і выказаць набалелае, ды і яна сама знойдзе хвілінку, каб забегчы да іх і пацікавіцца, ці патрэбна дапамога.

Старэйшына – актыўны памочнік і ў старшыні сельсавета, аказвае дапамогу ў зборы падаткаў на зямлю і нерухомасць, з’яўляецца членам рознага кшталту камісій і савета грамадскага пункта аховы правапарадку, пастаянны ўдзельнік выбарчых кампаній і інш. У сельсавеце ведаюць, што Таццяна Зянкова любую справу давядзе да канца. Па-іншаму не можа: такі ў яе характар. ■

Алена НАБЕЕВА