Кіраўніцтва Браслаўскага раёна і прадстаўнікі грамадскасці павіншавалі ветэранаў з Днём Перамогі

Новости
Напярэдадні значнага для беларусаў свята – Дня Перамогі – па ўсёй краіне ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны прымалі словы падзякі і падарункі ад мясцовых улад, працоўных калектываў, грамадскіх аб’яднанняў і школьнікаў. На Браслаўшчыне таксама падтрымалі гэтую добрую традыцыю: кожны з ветэранаў далучыўся да ўрачыстасці праз віншаванні ад кіраўніцтва раёна і грамадскасці.
НЕ СТАРЭЕ ДУШОЙ ФРАНТАВІК

Гасцінна прымалі старшыню раённага Савета дэпутатаў Ніну Пучынскую ў хаце браслаўчаніна Юльяна Маслоўскага. Сустрэча атрымалася вельмі цёплая і сардэчная. Гаспадар Юльян Адольфавіч з жонкай Апулёніяй Сцефанаўнай ахвотна расказалі пра сваё жыццё, узгадалі мінулыя гады. Франтавік, дастаткова бадзёры на парозе свайго 99-годдзя, сочыць за падзеямі ў горадзе і раёне, радуецца пераўтварэнням, асобна ён адзначыў клопат дзяржавы пра ветэранаў.

Н. Пучынская ад імя мясцовай улады шчыра павіншавала Юльяна Маслоўскага з вялікім святам і падзякавала за яго ўклад у Перамогу. Старшыня райсавета пажадала ветэрану здароўя і даўгалецця, больш прыемных момантаў ды сонечных дзён у жыцці, уручыла кветкі і падарункі.

ПАДЗЯКА ЗАСЛУЖАНАМУ ЗЕМЛЯКУ

Павіншаваць ганаровага грамадзяніна Браслаўскага раёна Паўла Бульскага прыехалі старшыня райвыканкама Аляксандр Баданін і яго намеснік Вольга Вялічка. Ветэран загадзя рыхтаваўся да сустрэчы: на пінджаку – рады медалёў і сімвал Перамогі. Прадстаўнікі ўлады выказалі шмат цёплых слоў у адрас Паўла Канстанцінавіча, сардэчна павіншавалі яго са знамянальным у гісторыі краіны днём. У прыватнасці, А. Баданін сказаў:

– Вы кожны год пацвяржаеце званне пераможцы. Нам трэба на вас раўняцца, моладзь павінна браць прыклад, вучыцца і ніколі не забывацца пра тыя страшныя дні, якія выпалі ў гады вайны на долю абаронцаў нашай Айчыны. Вялікі дзякуй вам за Перамогу і нізкі паклон.

Уручыўшы кветкі і падарункі, госці пацікавіліся надзённымі патрэбамі ветэрана, які ў сваю чаргу шчыра падзякаваў за ўвагу.

МУЗЫЧНЫ ПАДАРУНАК ВЕТЭРАНУ

Напярэдадні свята Вялікай Перамогі прымаў ад кіраўніцтва раёна віншаванні, кветкі ды падарункі і ўдзельнік Вялікай Айчыннай вайны Іван Кожар. Яшчэ адзін падарунак, на гэты раз музычны, атрымаў ветэран ад педагогаў і вучняў СШ № 1 імя А. М. Жданава. У дворыку па вуліцы Сасновай, дзе жыве Іван Іванавіч, школьнікі зладзілі невялікі канцэрт. Дзеці ўручылі ветэрану сімвалічныя лісты з фронту з пажаданнямі здароўя і дабрабыту, словамі падзякі за Перамогу. Іван Кожар, франтавік, заслужаны настаўнік, пажадаў усім мірнага неба над галавой, бо «самае страшнае, што прыдумала чалавецтва, – гэта вайна, і нічым нельга апраўдаць мільёны загубленых жыццяў». Урачыстасці мерапрыемству надаў святочны салют і традыцыйнае выкананне любімай песні ветэрана «Дзень Перамогі», якую ён праспяваў разам са школьнікамі. ■

Жанна БЯЛЬКО