Прэзідэнт: у вёсцы трэба навесці поўны парадак

Деньги
Аляксандр Лукашэнка правёў нараду па сітуацыі ў сферы беларускага аграпрамысловага комплексу.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што мінулы год стаў сапраўднай праверкай для сістэмы сусветных эканамічных адносін: закрыліся граніцы, разбурыліся шматгадовыя гандлёвыя сувязі, а дзяржавы і эканамічныя саюзы адмовіліся выконваць узятыя на сябе абавязацельствы па ўзаемнай падтрымцы.

«На гэтым фоне пытанне харчовай бяспекі выйшла на адно з першых месц. Мінулай вясной у свеце былі ледзь не панічныя настроі: не ведалі, як пасеяць і вырасціць ураджай, прадракалі дэфіцыт прадуктаў харчавання. Так і адбылося. Сёння рост цэн на прадукты харчавання перавысіў 10 % па ўсёй планеце. Але дзякуючы таму патэнцыялу, які мы стварылі за перыяд незалежнасці ў сельскагаспадарчай галіне, летась забяспечаны рост вытворчасці асноўных відаў прадукцыі», – канстатаваў А. Лукашэнка.

Разам з тым інфармацыя кантралюючых органаў пра актуальны стан спраў у жывёлагадоўлі крыху насцярожвае, заўважыў беларускі лідар. Зніжана вытворчасць жывёлы і птушкі ў жывой вазе, вырас падзеж, скарацілася пагалоўе. «Я думаю, генеральны пракурор добра ведае, што гэта зона адказнасці пракуратуры. Падзеж недапушчальны, калі мы хочам, каб сельскагаспадарчая вытворчасць расла. Я ўжо каторы раз кажу: старшыні райвыканкамаў павінны вызначыцца, калі дзве-тры гаспадаркі не могуць з гэтым справіцца, значыць, маладняк павінен быць адпраўлены ў тыя гаспадаркі, якія могуць забяспечыць догляд маладняку», – звярнуў увагу Прэзідэнт і адзначыў, што ад гэтага залежыць рэалізацыя прадукцыі і, як вынік, эканамічнае становішча вёскі, якое цяпер не самае простае.

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў немагчымасць істотных фінансавых уліванняў у галіну: «За грашамі нават не звяртайцеся. Грошы ў вас. Нам дай бог вырашыць тыя задачы і рэалізаваць тыя планы, якія мы намецілі. Мы не можам накіроўваць значныя грашовыя сродкі туды, дзе яны павінны зарабляцца і адкуль яны павінны паступаць у бюджэт. Мы не можам дазволіць сабе кампенсаваць грашовыя страты нічым, акрамя эфектыўнасці вытворчасці».

Таксама, паводле слоў кіраўніка дзяржавы, сітуацыя ў АПК даволі значна адрозніваецца па абласцях і тым больш па раёнах. Тым часам сельскагаспадарчая галіна спецыфічная тым, што менавіта на месцах знаходзяцца ключавыя фактары поспеху: эфектыўнае выкарыстанне матэрыяльных і працоўных рэсурсаў, выключэнне фактаў безгаспадарчасці, аптымальнае задзейнічанне ўсяго патэнцыялу галіны. «У дысцыпліне і арганізацыі ўся праблема», – упэўнены Прэзідэнт.

Галава дзяржавы таксама закрануў ход веснавых палявых работ. Ён заўважыў, што гаспадаркі пакуль адстаюць ад графіка, і паставіў задачу да 9 мая пасеяць буракі, лён, кукурузу і пасадзіць палову бульбы.

Кажучы пра парадак на зямлі, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што катэгарычна настойвае на актывізацыі меліярацыі. «Мы страчваем вялізныя плошчы, тысячы гектараў: яны пачалі зарастаць хмызняком. Меліярацыя, догляд зямель, павышэнне ўрадлівасці – гэта задача дзяржаўнай важнасці, і для яе рэалізацыі ў кожным раёне павінен быць спецыяльны атрад», – сказаў беларускі лідар.

Яшчэ адна праблема, на якую кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, – вялікая колькасць пустуючых прысядзібных участкаў і закінутых дамоў у некаторых вёсках. Ён паставіў задачу перад усёй вертыкаллю ўлады на працягу бягучага года аператыўна вырашыць адпаведныя пытанні: безгаспадарныя дамы трэба або прадаць, або знесці, а зямлю рэкультываваць і ўключыць у сельгасабарот. Аналагічным чынам Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў вырашыць праблему і са старымі будынкамі былых ферм, якія цяпер не выкарыстоўваюцца. ■