У Браславе адбыўся раённы агляд-конкурс мастацкай самадзейнасці

Новости
На працягу некалькіх апошніх месяцаў на Браслаўшчыне праходзіў раённы агляд творчасці сярод сельскіх устаноў культуры «Для Беларусі таленты мае», прысвечаны Году народнага адзінства.

Як расказалі ў Раённым цэнтры культуры, гэта традыцыйны агляд-конкурс, які дамагае ацаніць узровень працы культработнікаў з мясцовым насельніцтвам, адабраць найбольш цікавыя нумары і знайсці новых артыстаў для браслаўскай сцэны. Сёлета ўдзел у мерапрыемстве прынялі 14 устаноў культуры, якія прадставілі свае канцэртныя праграмы, абрады, прэзентацыі, спектаклі і літаратурна-музычную кампазіцыю. Высокі ўзровень выканаўчага майстэрства паказалі ансамбль народнай песні «Карагод», вакальны квартэт «Чарадзей», фальклорны ансамбль «Ладушки» Слабодкаўскага этнаграфічнага цэнтра, жаночая вакальная група Пагашчанскага СДК, творчая майстэрня «Маска» Далёкаўскага клуба-бібліятэкі. Грунтоўную падрыхтоўку адзначылі арганізатары конкурсу і ў Дрысвяцкага СДК, дзе правялі абрад на аснове мясцовага фальклору і пры ўдзеле народнага калектыву «Вярба». Выкарыстаннем самабытнага матэрыялу вызначаюцца і работнікі Казянскага клуба-бібліятэкі, Мяжанскага СДК і Слабодкаўскага ЭЦ.

Па словах журы, кожная ўстанова культуры ўсебакова паказала работу клубных фарміраванняў, з’явіліся новыя ўдзельнікі самадзейнасці, а ў сцэнарыях умела спалучаюцца традыцыі і сучасныя падыходы.

Па выніках раённага агляду-конкурсу дыпломамі «За захаванне і папулярызацыю мясцовых традыцый» узнагароджаны Дрысвяцкі СДК, «За развіццё інструментальнага жанру» – Іказненскі, «За развіццё тэатральнага жанру» – Далёкаўскі клуб-бібліятэка, «За развіццё вакальна-харавога жанру» – Слабодкаўскі ЭЦ. ■

Алена НАБЕЕВА