У новай зале працуе выстаўка, прысвечаная прафсаюзнаму руху на Браслаўшчыне

В свободное время
Выстаўка, прысвечаная прафсаюзнаму руху на Браслаўшчыне, адкрылася ў новай зале музейнага аб’яднання. Яна адразу ж выклікала цікаваць у гараджан і гасцей горада.

– Нашы пярвічкі вядуць актыўную дзейнасць, становяцца пераможцамі розных конкурсаў і мерапрыемстваў на раённым і абласным узроўнях, шмат цікавага праводзяць і ў працоўных калектывах. Таму ўзнікла ідэя сабраць узнагароды, дакументы, фотаздымкі ў адну экспазіцыю, каб можно было прыйсці на экскурсію, паглядзець, чым жыве той ці іншы калектыў. Прыемна, што музей падтрымаў нашу ініцыятыву, дапамог аформіць выстаўку, – адзначыла старшыня Браслаўскага раённага аб’яднання прафсаюзаў Вераніка Сінькевіч.

Экспанаты збіралі каля месяца. Актыўнасць праявілі прадстаўнікі сферы адукацыі, медыцыны, «Браслаўгаза», сельскай гаспадаркі. Асабістыя рэчы перадалі старшыня райсавета Ніна Пучынская, кіраўнік райаб’яднання ветэранаў Вера Сяліцкая, паэт Данііл Валчок і інш. Выстаўка атрымалася разнапланавай.

Цяпер экспазіцыю наведваюць работнікі розных арганізацый Браслаўшчыны, а нядаўна на экскурсіі пабывалі суседзі: падчас выязнога пасяджэння Верхнядзвінскага аб’яднання прафсаюзаў яго ўдзельнікі з цікавасцю пазнаёміліся з дасягненнямі браслаўчан. Выстаўка будзе працаваць да пачатку мая. Паспяшайцеся яе наведаць. ■

Алена НАБЕЕВА.