Цэнтр культурнага жыцця, дом спорту і пажар. Што вы не ведали пра будынак бібліятэкі ў Браславе

Общество
«Браслаўская звязда» працягвае знаёміць сваіх чытачоў з цікавай архітэктурнай спадчынай, на якую багаты наш азёрны край, і прадстаўляе будынак цэнтральнай бібліятэкі. Гэтае памяшканне налічвае больш як 95 гадоў, мае сваю адметную гісторыю і стала неад’емнай часткай гарадскога ландшафту.

НОВЫ ЦЭНТР БРАСЛАВА

Да 1939 года браслаўскія землі па выніках Рыжскага мірнага дагавору ўваходзілі ў склад польскай дзяржавы, таму шмат якія мясцовыя будынкі зведалі ўплыў архітэктурнай школы заходніх суседзяў і да гэтага часу вылучаюцца сваім выглядам між іншых. Асабліва гэта датычыцца комплексу адміністрацыйных і жылых дамоў, узведзенага ў Браславе ў 20-я гады XX стагоддзя. Горад на той час стаў цэнтрам павета, а значыць, узнікла патрэба ва ўстановах кіравання і большай колькасці дзяржслужачых. Таму восенню 1924 года пачаў працу спецыяльны павятовы камітэт па будаўніцтве «калоніі ўжэнднічай» – асобнага квартала, пад які на ўскраіне быў выдзелены ўчастак плошчай 1 250 га. Паводле праекта вядомага архітэктара Юліўша Клоса, планавалася ўзвядзенне больш за 20 пабудоў – як адміністрацыйных, так і жылых, што прызначаліся для польскіх чыноўнікаў, дактароў, настаўнікаў, якія прыязджалі працаваць ва «ўсходнія крэсы». У квартале знайшлося месца і будынку для баўлення вольнага часу.

ГАРАДСКІ КЛУБ

На працягу 1924–1926 гг. з паўднёвага боку цэнтральнай плошчы Браслава быў узведзены так званы спартовы дом. Ён меў характэрныя прыкметы папулярнага ў той час закапанскага стылю: «ламаныя» абрысы, высокую страху з вялікай колькасцю комінаў, слыхавыя вокны, тынкаваныя сцены, аконныя праёмы рознага памеру, узор з сонечных промняў на драўляным франтоне. Аднапавярховы дом з мансардавым дахам упрыгожвалі чатыры калоны.

У памяшканні была абсталявана глядзельная зала са сцэнай, дзе праводзілі канцэрты і танцавальныя вечары, дэманстравалі фільмы. Побач размяшчаліся спартыўныя пляцоўкі і тэнісны корт, што і дало назву дому.

ДОМ КУЛЬТУРЫ

Пасля далучэння ў 1939-м рэгіёна да Усходняй Беларусі ў тым жа годзе будынак быў пераўтвораны ў Дом сацыялістычнай культуры. У 1944 г., калі Браслаўшчыну вызвалілі ад нямецкіх захопнікаў, установа атрымала статус раённай. Работнікі культуры праводзілі тут святы і ўрачыстыя мерапрыемствы, ладзілі канцэрты і спектаклі народнага тэатра, паказвалі новыя кінафільмы – адным словам, будынак быў надзвычай запатрабаваны.

У 1950-х гадах у памяшканні здарыўся пажар. Прычым, па сведчаннях мясцовых жыхароў, агонь заняўся, калі ішоў кінасеанс. Доўгі час былыя гледачы з удзячнасцю ўспаміналі дырэктара Дома культуры Аўгуста Ламберта, які хутка і граматна арганізаваў эвакуацыю, у выніку ўсе выратаваліся і ніхто не пацярпеў. Сама ж пабудова была моцна пашкоджана і пасля рамонту значна змяніла аблічча, асабліва гэта датычылася даху, які страціў мансардавы паверх.

ХРАМ КНІГ

У 1972 годзе работнікі Дома культуры перабраліся ў новае памяшканне па суседстве, а старое перадалі гарадской бібліятэцы. Паколькі будынак набыў іншае прызначэнне, ён «перажыў» значную рэканструкцыю: тую частку, дзе быў выхад на сцэну і гардэробная, цяпер займае дзіцячая бібліятэка, замест глядзельнай залы з’явілася чытальная і сховішча друкаваных выданняў, а на месцы вялікага калідора знаходзіцца абанемент для дарослых чытачоў.

Каля 15 гадоў таму назад дом яшчэ раз змяніў свой знешні выгляд: яго сцены абшылі сайдынгам, уставілі шклопакеты, на даху паклалі металачарапіцу. Аднак строгія апорныя калоны ўнутры памяшкання ды вокны рознага памеру ўсё ж такі нагадваюць, што гэта будынак з багатай гісторыяй. ■

Жанна БЯЛЬКО. Фота аўтара і з фонду музейнага аб’яднання