Гістарычная памяць стала галоўнай тэмай на сустрэчы Аляксандра Баданіна з калектывам Браслаўскай вытворчасці ААТ «Віцебскхлебпрам»

Общество
Такі пасыл стаў лейтматывам дыялогу падчас сустрэчы старшыні райвыканкама Аляксандра Баданіна з калектывам Браслаўскай вытворчасці ААТ «Віцебскхлебпрам».

Яшчэ ў самым пачатку размовы кіраўнік раёна засяродзіў увагу завадчан на выніках сацыяльнаэканамічнага развіцця Браслаўшчыны за апошніх пяць гадоў. Ён падкрэсліў, што мы здолелі дабіцца выканання шасці з сямі даведзеных на пяцігодку паказчыкаў, істотна павысілі ўзровень раённай медыцыны, зрабілі значны крок наперад у плане будаўніцтва і добраўпарадкавання. «Аднак усё гэта было б немагчыма без таго фундаменту, які заклалі нашы продкі. У тым ліку пакаленне, якое перамагло фашызм ды адстаяла для нас мір і незалежнасць», – адзначыў старшыня райвыканкама.

Пра подзвіг браслаўчан у гады Вялікай Айчыннай вайны расказала навуковы супрацоўнік раённага музейнага аб’яднання Святлана Пінчура. Яна зрабіла для прысутных кароткі гістарычны экскурс у гады ваеннага ліхалецця, акрэсліла дзейнасць мясцовага партызанскага і падпольнага руху і нагадала, што сёлета з пачатку вайны спаўняецца ўжо 80 гадоў, а жывых сведкаў тых падзей становіцца ўсё менш. На гэтым фоне мы павінны больш адказна ставіцца да ўшанавання нашага няпростага мінулага.

Такога ж пункту гледжання прытрымліваецца і кіраўнік раёна Аляксандр Баданін. Ён завастрыў увагу на недапушчальнасці скажэння фактаў і перапісвання гісторыі, неабходнасці больш шчыльна працаваць у накірунку патрыятычнага выхавання насельніцтва, асабліва – падрастаючага пакалення.

Працягваючы тэму, пракурор раёна Юрый Кезік расказаў, што Генеральная пракуратура Рэспублікі Беларусь распачала крымінальную справу па факце генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны і ў сувязі з гэтым просіць грамадзян, якія валодаюць інфармацыяй на гэты конт, падзяліцца ёй з праваахоўнікамі.

Таксама на сустрэчы вялася гаворка пра кіберзлачыннасць і меры бяспекі ў інфармацыйнай прасторы, бягучую сітуацыю вакол пандэміі COVID-19, вакцынацыю ад каранавіруснай інфекцыі і іншае.

Увогуле сустрэча атрымалася актуальнай і карыснай. І так бывае заўсёды, калі бакі маюць магчымасць абмеркаваць надзённае ў фармаце свабоднага дыялогу. ■

Вячаслаў КАЛАДЫНСКІ