Абед з дастаўкай. Пачытайце, як на Браслаўшчыне механізатараў забяспечваюць гарачым харчаваннем

Экономика и финансы
На Браслаўшчыне актыўна вядуцца веснавыя палявыя работы. Як заўсёды, кароткія тэрміны пасяўной кампаніі дыктуюць свае правілы, таму механізатары з раніцы да позняга вечара за рулём сваіх жалезных коней. Каб зрабіць умовы іх працы больш камфортнымі, кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў клапоцяцца не толькі пра спецадзенне, графік работы, а і пра гарачыя абеды з дастаўкай да месца працы.

Штогод перад пачаткам сезона галоўны санітарны ўрач раёна Вольга Рудакова аб’язджае сталовыя ўсіх гаспадарак, каб пераканацца ў іх падрыхтаванасці да прыгатавання страў згодна з усімі санітарнымі нормамі. Сумесна з цэнтрам гігіены маніторынг праводзіць і старшыня раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК Мікалай Вялічка. Ён цікавіцца арганізацыяй харчавання, дастаўкай страў на поле ў гарачым выглядзе, умовамі прыёму ежы работнікамі.

Меню ў сталовых не вельмі розніцца: кожны дзень на поле прывозяць першае, другое і кампот ці чай. Кормяць механізатараў у тым ліку і падвячоркам. Цэны на абеды таксама прыкладна роўныя: работнікі плацяць 30 – 50 працэнтаў ад сабекошту порцыі.

Рэйды па сельгаспрадпрыемствах паказалі, што на месцах разумеюць важнасць сезоннага гарачага харчавання. Пры татальным недахопе сродкаў у гаспадарках знаходзяць грошы, каб набыць новы посуд, зрабіць касметычны рамонт сталовых, паклапаціцца пра сродкі індывідуальнай аховы работнікаў і іншае. Калі не ўнікаць у санітарныя тонкасці, з якімі былі пытанні ў асобных сталовых, то можна канстатаваць, што ў цэлым усе гаспадаркі гатовы штодзень карміць сваіх работнікаў гарачымі абедамі. Дарэчы, пераважная большасць іх ужо актыўна працуе ў гэтым накірунку.

Пакуль работнікі сталовых кормяць не так многа людзей, але ў хуткім часе на пашы выганяць жывёлу – дабавяцца пастухі, а там не за гарамі летні прыпар: сенакос, жніво, калі на палетках будзе працаваць удвая больш тэхнікі і людзей. Таму тым, каму санітарная служба выдала прадпісанне ці зрабіла вусную заўвагу, трэба паспяшыць прывесці ўсё ў парадак. ■

Вольга ПАТАПОВІЧ