Праз урокі вучыць жыццю. Браслаўчанка больш за 30 гадоў прысвяціла педагагічнай працы

Новости
Для кожнага з нас, несумненна, каштоўна сустрэць на сваім шляху чалавека, які навучыць, дасць мудрую параду альбо дапаможа вызначыцца з важным рашэннем. Такую магчымасць маюць выхаванцы настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Опсаўскай ясляў-сада – сярэдняй школы Галіны Ларчанка, якая больш як 30 гадоў прысвяціла педагагічнай працы.

Родам з вёскі Мацешы, яна закончыла Далёкаўскую школу, у тых жа мясцінах працавала і завочна вучылася ў Віцебскім педагагічным універсітэце. Была піянерважатай, педагогам сацыяльным, сваё ж сапраўднае прызванне знайшла ў выкладанні беларускай мовы. Аднак не толькі мілагучнасць роднага слова і змястоўнасць літаратурных твораў прывабліваюць яе ў прафесіі.

– Калі ў вучняў ёсць жаданне набыць веды, калі ты бачыш, што на ўроку ў дзіцяці вочы свецяцца, тады і працаваць прыемна, – кажа Г. Ларчанка. – Увогуле ў рускамоўнай школе няпроста прывіць цікавасць да беларускай мовы. Мне шанцуе на дзяцей: ёсць з кім займацца.

Не дзіўна, што школьнікі праяўляюць інтарэс да прадмета: падчас заняткаў настаўніца заўсёды імкнецца стварыць прыязную атмасферу. Свае ўрокі яна будуе на прынцыпе супрацоўніцтва, стварае эмацыянальныя моманты, прапануе творчыя заданні. Галіна Ларчанка ніколі не сварыцца, не павышае голасу, зыходзячы з таго, што любыя пытанні можна вырашыць спакойна. Заўсёды радуецца, калі дзеці дапамагаюць аднакласнікам, вучаць адзін аднаго, самастойна шукаюць інфармацыю. Асабліва любіць, калі вучні задаюць пытанні – па тэме ўрока ці нават асабістыя: гэта азначае, што школьнікі зацікавіліся.

– Беларуская літаратура вучыць жыццю, – дзеліцца разважаннямі педагог. – Хочацца, каб дзеці з кожнага ўрока вынеслі станоўчае, навучыліся нечаму. Задумаліся, што добра, што – не, на прыкладах герояў зразумелі, наколькі моцна нязначныя на першы погляд учынкі могуць паўплываць на лёс. І каб далей у жыцці рабілі правільны выбар.

Сапраўдны прафесіянал, які ўмее знайсці падыход да кожнага вучня, Галіна Ларчанка можа бясконца апавядаць пра дасягненні сваіх выхаванцаў, напрыклад, у творчых конкурсах, сціпла замоўчваючы ўласныя. Між тым ёй ёсць чым ганарыцца. Асаблівымі поспехамі яна вызначылася ў падрыхтоўцы навучэнцаў да ўдзелу ў прадметнай алімпіядзе. Яшчэ ў Далёкаўскай школе вучань Галіны Чаславаўны заняў другое месца на вобласці і першае ў рэспубліцы. На працягу апошніх гадоў старшакласніца Опсаўскай ЯССШ пад кіраўніцтвам Г. Ларчанка была двойчы адзначана дыпломам II ступені галоўнага ўпраўлення аблвыканкама як абласны прызёр рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры, у мінулым годзе атрымала запрашэнне да ўдзелу ў заключным этапе. Сёлета таксама ўвайшла ў склад віцебскай каманды для выступлення на рэспубліцы. Займаецца з алімпіяднікамі настаўніца практычна штодзённа, у тым ліку з літаратурай па-за межамі школьнай праграмы. Гэта вымагае значнай падрыхтоўкі ды шмат часу, затое і вынікі ва ўлюбёнага ў сваю справу педагога выдатныя.

Таму не дзіўна, што шматлікія ўзнагароды Галіны Ларчанка папоўніліся ў гэтым годзе яшчэ і званнем «Лепшы па прафесіі». ■

Жанна БЯЛЬКО