Знакаміты кляштар і славутыя асобы. Працягваем вывучаць гістарычную азбуку Друі

Новости
Мы працягваем праект, прысвечаны юбілею аграгарадка Друя. Сёння прапануем вашай увазе гістарычныя адметнасці на літары К і Л.
К – КОМПЛЕКС БЕРНАРДЗІНСКАГА КЛЯШТАРА

Лічыцца, што гэтая пабудова ў Друі з’яўляецца першым культавым мураваным збудаваннем на Браслаўшчыне. Комплекс быў узведзены ў 1634 – 1646 гг. на сродкі падканцлера ВКЛ Казіміра Льва Сапегі і складаецца з касцёла св. Троіцы, жылога корпуса і брамы з агароджай. Бернардзінскі комплекс не аднойчы быў пашкоджаны. Напрыклад, у 1944 годзе ў выніку пажару ад авіябомбы часткова згарэў інтэр’ер. Доўгія гады касцёл быў зачынены і не выкарыстоўваўся. Прыкладна ў 1990-х гг. у ім аднавіліся службы і пачаліся рэстаўрацыйныя работы. Касцёл і па сённяшні дзень з’яўляецца сімвалам Друі. З яго высокай званіцы адкрываецца неверагодны від на аграгарадок і наваколле.

КУЛЬНЕЎ ЯКАЎ

У Друі знаходзіцца помнік у гонар перамогі палка пад камандаваннем Якава Кульнева над французскімі войскамі ў 1812 годзе.

Тым летам непадалёку ад Друі ішлі баі. Кульнёў пераправіў полк праз Дзвіну, каб правесці разведку, застаў знянацку французскія войскі, разбіў іх, пакінуўшы да 300 праціўнікаў параненымі і забітымі, 200 з іх былі ўзяты ў палон. Падчас ўдалага рэйду ўдалося захапіць у палон, у тым ліку упершыню ў Айчыннай вайне, французскага генерала Сен-Жэні.

Л – ЛІЛІНА ЗЛАТА

Ураджэнка Друі, рэвалюцыянерка, дзеяч міжнароднага жаночага руху, педагог, жонка аднаго з лідараў бальшавіцкага руху Рыгора Зіноўева. Нарадзілася Злата Ліліна ў 1882 годзе. Дзяцінства яе прайшло ў Друі. З 1900 года займалася актыўнай рэвалюцыйнай дзейнасцю. Супрацоўнічала з газетамі «Звязда», «Праўда», уваходзіла ў рэдкалегію часопіса «Работніца». На нейкі час эмігрыравала ў Швейцарыю, а ў 1917 годзе вярнулася ў Расію ў славутым пламбіраваным вагоне разам з Уладзімірам Леніным. Паcля рэвалюцыі займалася педагогікай, прапанавала новыя канцэпцыі савецкай школы, выдала шэраг навуковых прац. Пахавана Злата Ліліна ў Ленінградзе. ■

Алена НАБЕЕВА