Браслаўчан запрашаюць наведаць цікавыя выстаўкі у музеі традыцыйнай культуры

Отдых
У музеі традыцыйнай культуры працуюць адразу дзве цікавыя выстаўкі. Адна прысвечана аўтарскім лялькам браслаўчанкі Веры Шыкалавай, другая прадстаўляе ласкутнае шыццё клуба «Рошва» з Полацка.

У МТК з палачанкамі даўнія сяброўскія сувязі, таму яны з задавальненнем адгукнуліся на прапанову зрабіць экспазіцыю сваіх пано ў Браславе. Трэба адзначыць, што народны клуб працуе пры цэнтры рамёстваў і нацыянальных культур Полацка і ў яго ўваходзяць жанчыны рознага ўзросту. Майстрыхі старанна вывучаюць і захоўваюць сакрэты традыцыйнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. У Браслаў яны прывезлі квілт «Грані», які мае некалькі Гран-пры розных міжнародных конкурсаў, а таксама шэраг пано з абрэзкаў.

– Мы заўсёды рады гасцям, якія прыязджаюць са сваімі работамі да нас. Хутка адбудзецца і сустрэча мясцовых майстроў з прадстаўнікамі Полацка, – расказала загадчык музея Элеанора Зінкевіч.

Несумненна, і палачанкам, і браслаўчанам будзе цікава пабываць і на выстаўцы Веры Шыкалавай. Гэтую жанчыну многія ведаюць як таленавітага і самабытнага майстра саломапляцення. Таксама яна займаецца ткацтвам і шыццём з тканіны. Гэтыя і іншыя ўменні спатрэбіліся і для новага захаплення – вырабу лялек. Яны ў жанчыны атрымліваюцца як жывыя! Пры гэтым нельга знайсці дзвюх аднолькавых: кожная са сваім характарам, асаблівасцямі, з мініяцюрнымі аксесуарамі ручной работы – прадумана кожная дэталь.

– Калі мы ўбачылі такі напрамак творчасці таленавітага майстра, то былі здзіўлены. Вера Шыкалава нідзе не афішыравала яго, а тым часам лялек у яе не адзін дзясятак. Ужо ў музеі падчас падрыхтоўкі выстаўкі наш супрацоўнік Ларыса Дарафейчык іх скампанавала, прыдумала імёны – атрымалася экспазіцыя, дзе ў кожнай лялькі свая гісторыя, – адзначыла Э. Зінкевіч.

Выстаўка аўтарскай лялькі, напэўна, адна з самых прыгожых і казачных экспазіцый за апошні час у раённым аб’яднанні музеяў. Асабліва цікава яе будзе наведаць сям’ям з дзецьмі. Зрабіць гэта можна да канца мая. ■

Алена НАБЕЕВА