Відзаўскі сельсавет прызнаны лепшым у раёне, а самі Відзы — нават у рэспубліцы

Общество

У раённым спаборніцтве сярод органаў мясцовага самакіравання па выніках работы за мінулы год Відзаўскі сельскі Савет дэпутатаў прызнаны пераможцам.

Гарадскі пасёлак Відзы, размешчаны на раўніннай тэрыторыі Дзісненскай нізіны паміж азёрамі Відзаўскае, Маруга і Ліпалаты, з’яўляецца другім па велічыні населеным пунктам нашага раёна з колькасцю насельніцтва каля 1 400 чалавек.

Па словах старшыні сельвыканкама Наталіі Залатуха, цяпер тут дружна жывуць працалюбівыя беларусы, палякі, рускія, татары, літоўцы, цыганы. Не дзіўна, што герб пасёлка ўпрыгожвае «залатая» пчала – сімвал працавітасці і стараннасці. Дарэчы, выява гэтага руплівага насякомага, якую стварыў з падручных матэрыялаў мясцовы ўмелец Рамуальд Янкун, прыцягвае позірк і на прыдарожным схіле перад уездам у Відзы з боку райцэнтра.

Па архіўных крыніцах пасёлак вядомы з 15 ст. і мае багатую гістарычную спадчыну, таму прыцягальны для турыстаў. Акрамя таго, захавалася тут і шмат даваенных будынкаў, якія яшчэ надзейна служаць людзям. Але час бярэ сваё, населены пункт патрабаваў грунтоўнага абнаўлення. І гэта стала магчыма дзякуючы абласной праграме пераўтварэння гарадскіх пасёлкаў, у якую былі ўключаны і Відзы.

Пасля падрыхтоўкі і ўзгаднення плана першаступенных мерапрыемстваў у вяснова-летні перыяд на вуліцах, у дварах, на тэрыторыях суб’ектаў гаспадарання сацыяльнай і вытворчай галіны, у шматкватэрным жылым фондзе, у грамадскіх месцах адпачынку – усяго на 50-і аб’ектах разгарнуліся грунтоўныя работы. Будаўнікі выконвалі іх як за сродкі абласнога бюджэту (1,1 млн руб.), так і за кошт асобных арганізацый, таму ўдалося ажыццявіць і шмат мерапрыемстваў, якія не ўваходзілі ў план добраўпарадкавання Відзаў на 2020 год.

Наталія Залатуха адзначае, што ў добраўпарадкаванні Відзаў удзельнічалі работнікі каля 20-і арганізацый, размешчаных на тэрыторыі сельсавета, а таксама раённыя, абласнога і рэспубліканскага падпарадкавання, шчыравалі жыхары пасёлка на суботніках. Удасканаленне інфраструктуры населенага пункта праходзіла пад пільнай увагай кіраўніцтва райвыканкама і райсавета, аддзела архітэктуры і будаўніцтва, заказчыкаў і падрадчыкаў. Старшыня сельвыканкама вельмі ўдзячная ўсім, хто штодня клапаціўся, каб Відзы пераўтварыліся як знешне, так і з пункта погляду камфортных умоў для жыцця і працы.

Шквальны вецер, які нечакана наляцеў на пасёлак і навакольныя вёскі ў чэрвені, прынёс многа шкоды, зблытаў, але не сарваў планы. Зноў жа дзякуючы аператыўнаму рэагаванню кіраўніцтва раёна, сумесным намаганням і зладжанасці дзеянняў дэпутатаў сельсавета, кіраўнікоў суб’- ектаў гаспадарання, мясцовых жыхароў наступствы прыроднай стыхіі былі ліквідаваны ў кароткія тэрміны.

У выніку рэалізацыі маштабных мерапрыемстваў па ўдасканаленні інфраструктуры малога гарадскога паселішча яно прыкметна змяніла сваё аблічча, стала больш прыгожым і ўтульным. Здзейсненыя планы дазволілі сельвыканкаму паспяхова паўдзельнічаць і ў рэспубліканскім аглядзе санітарнага стану і добраўпарадкавання населеных пунктаў Беларусі: згодна з пісьмом Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва «Аб накіраванні рэзультатаў падвядзення вынікаў штогадовага рэспубліканскага агляду санітарнага стану і добраўпарадкавання населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь за 2020 год» па суме балаў г. п. Відзы заняў 1 месца ў сваёй катэгорыі. ■

 

Казімір ПЯТУШКА. Фота аўтара.