У Браслаўскім раёне стартавала пасяўная кампанія

Деньги

Першыя дні красавіка былі не проста халоднымі: ноччу нават падмаражвала глебу, ішоў снег. Але як толькі надвор’е дазволіла, тэхніка сельгаспрадпрыемстваў Браслаўшчыны выехала на палеткі, бо марудзіць ужо некалі – трэба пачынаць сяўбу яравых культур.

Па аператыўнай інфармацыі райсельгасхарча, на раніцу ўчарашняга дня з улікам выкананых работ ААТ «Глыбоцкі ККЗ» у раёне вясной узарана 2 171 га глебы пры плане 11 394 га. Найбольшыя кавалкі неўзаранай восенню зямлі засталіся ў ААТ «Слабодкаагра» (1 605), «Агравідзах» (1 483), «Браслаўскім» (1 365), «Мяжанах» (1 191) і «Друйскім» (1 102), таму менавіта тут, як толькі дазволіла надвор’е, узяліся за гэтую работу. Паралельна пачынаецца падрыхтоўка глебы пад сяўбу яравых культур. Пакуль 7 гаспадарак раёна ўвайшлі ў гэтую фазу работ. Разам яны апрацавалі 608 га: найбольш у «Агравідзах» (275), «Маяку» (189), «Бярозавым краі» (60), «Слабодцы-агра» (38). Сяўбу ж яравых збожжавых культур пачалі «Агравідзы», «Маяк Браслаўскі» і «Бярозавы край». Раніцай панядзелка да іх далучыліся «Слабодка-агра», «Мяжаны» і «Відзаўскі». Насенне збожжавых культур лягло ў глебу на плошчы 435 га.

Таксама ўжо некалькі дзён у раёне ідзе падсеў шматгадовых траў. Сеяць іх плануецца на 7 700 га, сёння зроблена амаль 10 % ад задання.

Немалаважная задача стаіць перад аграрыямі і па падкормцы глебы. Але калі азотныя, калійныя ды фосфарныя ўгнаенні для многіх дэфіцыт, то арганіку мае кожная гаспадарка, і радуе той факт, што яна вывезена на палі і актыўна ўносіцца. ■

 

Вольга ПАТАПОВІЧ. Фота аўтара.