Лепшых жывёлаводаў Браслаўшчыны адзначылі ўзнагародамі абласнога ўзроўню

Общество
Сёння ў сферы жывёлагадоўлі на Віцебшчыне заняты 14 тысяч чалавек. Усе яны працуюць, каб у нас на стале заўсёды была і мясная, і малочная прадукцыя. Тым часам кіраўніцтва Прыдзвінскага краю чатыры гады запар праводзіць для самых лепшых жывёлаводаў мерапрыемства, дзе яны прымаюць узнагароды і ўдзячнасць за працу, могуць адпачыць і акунуцца ў святочную атмасферу.

Сёлета на ўрачыстасць былі запрошаны 85 працаўнікоў вёскі з усёй вобласці. Прыемна адзначыць, што трое з іх прадстаўлялі Браслаўшчыну.

Сёлета чарговы раз высока ацэнена праца жывёлаводаў СВК «Маяк Браслаўскі»: Вольга Шпец, цялятніца з фермы «Друсевічы», за чэсную, старанную працу атрымала Грамату аблвыканкама, Святлана Басякірская, аператар машыннага даення МТФ «Ёдлавічы», – грамату абкама прафсаюза работнікаў АПК, а аператар свінагадоўчага комплексу Ядвіга Вашкевіч – грамату камітэта па сельскай гаспадарцы і прадуктах харчавання.

Жанчыны прызналіся, што вельмі рады магчымасці з’ездзіць у Віцебск на мерапрыемства, дзе пачулі шмат прыемных слоў у свой адрас, змаглі хоць на дзень адарвацца ад работы, крыху адпачыць і атрымаць асалоду ад канцэртнай праграмы. ■

Вольга ПАТАПОВІЧ