Рамуальду Шукялю прысвоена званне «Ганаровы грамадзянін Браслаўскага раёна»

Новости
Пачэснае званне «Ганаровы грамадзянін Браслаўскага раёна» прысвоена Рамуальду Шукялю, старшыні СВК «Маяк Браслаўскі». Такое рашэнне прынята на 26-й сесіі Браслаўскага раённага Савета дэпутатаў 28 склікання.

Р. Шукель нарадзіўся 29 сакавіка 1948 года ў в. Кямянцы Браслаўскага раёна. Сваю працоўную дзейнасць пачаў у 1969 годзе. Яму давялося шчыраваць на розных пасадах, а з 1989 г. ён узначальвае калгас, а затым і СВК «Маяк Браслаўскі». Гэта сельгаспрадпрыемства з году ў год з’яўляецца лідарам у сваёй сферы, яго работнікі атрымліваюць годную заработную плату і маюць упэўненасць у сваёй будучыні. Ведаюць «Маяк Браслаўскі» не толькі на Браслаўшчыне, але і ў вобласці і рэспубліцы. Кампетэнтны і ініцыятыўны кіраўнік упэўнена вядзе за сабой калектыў, які яму бязмерна давярае.

Рамуальд Шукель клапоціцца пра дабрабыт не толькі свайго прадпрыемства, актыўна ён вядзе і грамадскую дзейнасць, займаецца шэфскай дапамогай. З’яўляючыся дэпутатам, апраўдвае давер мясцовых выбаршчыкаў, дапамагае ім у вырашэнні самых розных жыццёвых пытанняў. Рамуальд Шукель – лаўрэат званняў «Чалавек года Браслаўшчыны», «Чалавек года Віцебшчыны», «Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь», мае медаль «За працоўныя заслугі» і шэраг іншых узнагарод.

Прысваенне звання «Ганаровы грамадзянін Браслаўскага раёна» стала прыемнай нечаканасцю для Р. Шукяля. Ён шчыра падзякаваў прысутным за аказаную павагу і паабяцаў, што і далей будзе надзейна стаяць за штурвалам «Маяка Браслаўскага». ■

Алена НАБЕЕВА