Браслаўскія камунальнікі і супрацоўнікі службы быту адзначылі сваё прафесійнае свята

Новости
На мінулым тыдні работнікі бытавога абслугоўвання насельніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі прымалі віншаванні з нагоды свайго прафесійнага свята.

У прыватнасці, у пятніцу супрацоўнікі Раённага цэнтра культуры падрыхтавалі для працоўнага калектыву «Браслаў-камунальніка» і ветэранаў вытворчасці канцэртную праграму. Але ёй папярэднічаў урачысты момант: работнікаў прадпрыемства з прафесійным днём павіншаваў старшыня райвыканкама Аляксандр Баданін. Пры гэтым кіраўнік раёна акцэнтаваў увагу на важнасці дзейнасці жыллёва-камунальнай службы ў справе стварэння камфортных умоў жыцця для людзей, напружаную паўсядзённую працу якой многія нават не заўважаюць, калі ўсё добра. Сярод аналагічных прадпрыемстваў «Браслаў-камунальнік» мае ў вобласці высокія паказчыкі (займае 4-е месца), але, на погляд старшыні райвыканкама, трэба імкнуцца і да першага. Аляксандр Баданін падзякаваў камунальнікам за адказнае і прафесійнае выкананне сваіх абавязкаў і пад бурныя апладысменты прысутных уручыў Ганаровую грамату райвыканкама станочніку Аляксею Кавалёнку, а таксама Падзякі старшыні спецыялісту сектара прававой і кадравай работы Алене Красько і рабочаму па добраўпарадкаванні населеных пунктаў Міраславу Хлябовічу. Затым і дырэктар «Браслаў-камунальніка» Пётр Бялусь узнагародзіў граматамі прадпрыемства шэраг лепшых работнікаў участкаў па выніках справаздачнага перыяду з занясеннем іх на Дошку гонару арганізацыі. А электраманцёр Ігар Грамніцкі і муляр Валерый Шалыга атрымалі за асабісты ўклад у развіццё жыллёва-камунальнай гаспадаркі заахвочванні абласнога ўзроўню на дзень раней у Віцебску.

Не засталіся без увагі раённай улады таксама працаўнікі Браслаўскага раённага камбіната бытавога абслугоўвання: іх павіншавала з прафесійнай датай намеснік старшыні райвыканкама Алена Бабінская. Пры гэтым яна адзначыла, што хоць калектыў РКБА зусім невялікі, але ўносіць свой важкі ўклад у выкананне сацыяльных стандартаў. Затым Алена Бабінская па даручэнні з вобласці за высокі прафесіяналізм, добрасумленную працу ў сістэме бытавога абслугоўвання насельніцтва ўручыла Падзяку старшыні аблвыканкама галоўнаму бухгалтару РКБА Марыі Скур’ят. У арганізацыі жанчына мае 20-гадовы стаж работы. Тут яе паважаюць за высокі прафесіяналізм, працаздольнасць, бачанне ключавых праблем і ўменне аптымальна вырашаць іх, камунікабельнасць. Таму і калегі шчыра віншавалі яе з высокай узнагародай.

Што і казаць, прыемна, калі твае імкненні выканаць сваю работу старанна, дбайна заўважаны. Таму атрыманыя ўзнагароды ад мясцовай улады, матэрыяльныя заахвочванні стымулююць працаваць яшчэ лепш. ■

Казімір ПЯТУШКА