Ад архітэктуры да Евангелля. Працягваем вывучаць гістарычную азбуку Друі

Общество
Працягваем вывучаць гістарычную азбуку Друі. І цяпер даведаемся пра паводку, іканапісную школу і опернага спевака.
Д – ДРУЙКА І ДЗВІНА

Друя знаходзіцца ў прыгожым месцы – там, дзе Друйка ўпадае ў Заходнюю Дзвіну. Менавіта гэта акалічнасць давала падставу населенаму пункту развівацца актыўнымі тэмпамі, бо праз яго праходзілі гандлёвыя і паштовыя шляхі. Рэкі дазвалялі займацца рыбалоўствам і бавіць актыўна час. Разам з тым і прыносілі непрыемнасці. Так, у 1931 годзе адбылося адно з найбуйнейшых затапленняў: узровень вады ў Дзвіне павысіўся на 12 м. Частка Друі аказалася залітай амаль да дахаў. У час паводкі драўляныя дамы прывязвалі да вялізных дрэў і валуноў, дзякуючы чаму многія збудаванні не былі знесены. Падчас гэтай падзеі выбухнула эпідэмія брушнога тыфу, бо адсутнічала якасная пітная вада. Быў арганізаваны часовы шпіталь для хворых.

Буйныя паводкі адбываліся яшчэ ў 1956-м, 1970-м і 1994-м гадах.

Е – ЕВАНГЕЛЛЕ

Кніга ХVІ ст. адносіцца да ліку шэдэўраў беларускай рукапіснай кнігі. Друйскае евангелле было заказана для Спаскай царквы ў Друі. Кніга ўпрыгожана застаўкамі і мініяцюрамі. Падчас вайны 1654 – 1667 гг. была вывезена і цяпер захоўваецца ў Санкт-Пецярбургу.

Ж – ЖАЎНЯРОВІЧ ВІКТАР

Мастак і оперны спявак, які нарадзіўся ў 1913 года ў Чыце ў сям’і чыгуначнага служачага, выхадца з Друі. У 1922 годзе з маці вярнуўся ў Беларусь. Вучыўся ў гімназіі ў Друі, дзе праявіліся яго творчыя здольнасці. Паступіў у кансерваторыю ў Вільні і адначасова займаўся маляваннем. Быў знаёмы з Фердынандам Рушчыцам, Язэпам Драздовічам, Пётрам Сергіевічам. Прымаў удзел у выстаўках у Парыжы, меў персанальную экспазіцыю ў Нью-Ёрку. Адзін са створаных ім абразоў знаходзіцца ў Ватыкане.

З – ЗАБУДОВА

У Друі нямала архітэктурных збудаванняў з багатым гістарычным мінулым, якія ствараюць адметную забудову, так што выраз «музей пад адкрытым небам» вельмі падыходзіць да гэтага населенага пункта. Літаратурныя крыніцы сведчаць пра існаванне ў Друі цэлага шэрагу грамадскіх пабудоў – шпіталя, школы, заезных дамоў, шматлікіх корчмаў, крамаў, мытні, млына, бровара, аптэкі, піўзавода, пажарнай аховы і інш. У канцы XVIII ст. частку вуліц забрукавалі. У забудове прасочваецца цікавая асаблівасць: дамы, што размешчаны на берегах Дзвіны і Друйкі, асабліва ў месцы іх зліцця, мелі надзвычай высокія падмуркі з бутавага каменю (рабілася гэта з улікам веснавых паводкаў).

Рыначная плошча і цяпер вылучаецца ў Друі. Некалі там была ратуша. У 1843 г. рынак налічваў 22 дамы, 8 з іх былі мураванымі. Некаторыя захаваліся і сёння. Цікава, што для таго, каб плошча мела круглы выгляд, частка дамоў будавалася са скошанымі вугламі.

Кажучы пра забудову, нельга не ўспомніць пра храмавую спадчыну і паркава-сядзібны комплекс Сапегаў.

І – ІКАНАПІСНАЯ ШКОЛА

У Друйскіх актах захаваліся сведчанні пра навучанне багамазаў (іканапісцаў). Цікавы факт: за навучанне гэтаму занятку адзін з майстроў браў за год 50 злотых. Большасць твораў засталіся толькі на фатаграфіях 1930-х гадоў. Да нашага часу дайшлі абразы другой паловы XVIII стагоддзя з Дабравешчанскай і Петрапаўлаўскай цэркваў. Некаторыя з ікон знаходзяцца ў храме Успення Багародзіцы ў Браславе. ■

Алена НАБЕЕВА.