Цёпла, чыста і пад наглядам усяго аднаго работніка – новая ферма ў «Маяку»

Экономика и финансы
Летась у СВК «Маяк Браслаўскі» ў эксплуатацыю была ўведзена яшчэ адна новая ферма – трэцяя за тры апошнія гады. Гэта дазволіла закрыць, а ў далейшым і закансерваваць зусім старыя фермы «Пагошча», «Ілгайцы» і цялятнік «Якавічы». У пачатку кастрычніка, калі жывёла з палёў вярталася пад дах, 350 галоў прыйшлі зімаваць у новае памяшканне.

У гаспадарцы ферму называюць «Далёкія-2», бо стаіць яна побач з падобнай, пабудаванай тут у 2018 годзе пад назвай «Далёкія». Кіраўніцтва СВК адзначае, што вельмі зручна мець такую колькасць жывёлы разам. Па-першае, не трэба шмат затрачвацца на паліва пры кармленні (кормараздатчык працуе ў адным месцы). Па-другое, гадаванцы на абедзвюх фермах утрымліваюцца на глыбокай саламянай подсцілцы, а на зіму яе патрэбна было назапасіць толькі для гэтых памяшканняў каля 3 тысяч тон. Уся яна, каб далёка не перавозіць, захоўвалася побач. Па-трэцяе, пераезд для жывёлы з адной фермы на другую (пры пераходзе ў новы ўзроставы этап) заўжды стрэс, а тут ён адсутнічае: калі ёсць неабходнасць у «змене прапіскі», трэба проста суправадзіць гурт да бліжэйшай пабудовы.

Ферма абліцавана цэглай, памяшканне светлае і вялікае па плошчы, з высокай столлю, што дазваляе свабодна заязджаць кормараздатчыку, а таксама выдаляць гной бульдозерам. Гэта значна спрашчае догляд жывёлы, таму тут працуе толькі адзін работнік.

Ва ўсіх новых памяшканнях, у тым ліку і на гэтай ферме, для большай зручнасці кармавы стол узняты над падлогай на паўтара метра, што забяспечвае значна лепшы доступ жывёле. Таксама пярылы над сталом усталяваны вышэй, чым гэта рабілі раней: так яны не націраюць карак каровам. Можна яшчэ шмат расказваць пра ўтульнасць новай пабудовы, і сучасную вентыляцыйную сістэму, і паілкі-тэрмасы, у якіх вада не замярзае і выдаткоўваецца эканомна, і выгульныя пляцоўкі, але пра гэта самі за сябе кажуць паказчыкі мяса-малочнай прадукцыі «Маяка Браслаўскага».

Увогуле ў «Маяку» кіраўнік і спецыялісты па жывёлагадоўлі прытрымліваюцца таго правіла, што, каб мець высокія надоі і прывагі, жывёлу трэба трымаць у камфортных умовах, яе рацыён зрабіць разнастайным і спажыўным, даваць ёй дастаткова адпачываць. Немалаважна яшчэ і чалавечая ўвага да кожнай каровы. Толькі пры такіх умовах яна аддзячыць гаспадару. ■

Вольга ПАТАПОВІЧ