Тэатр гульні «Лёлі» адзначыў сваё 30-годдзе

Новости
Сёлета спаўняецца 30 гадоў з моманту заснавання тэатра гульні «Лёлі» Браслаўскага РЦК. Гэта калектыў, які спецыялізуецца на захаванні культурных традыцый, абрадаў і звычаяў. Званне народнага яму было прысвоена ў 1997 годзе.

Асноўнай мэтай дзейнасці тэатральнага калектыву з’яўляецца развіццё і папулярызацыя беларускай нацыянальнай культуры, эстэтычнае выхаванне насельніцтва. У яго рэпертуары – тэатралізаваныя праграмы з самабытнымі гульнямі, прымаўкамі, жартамі, прыпеўкамі, абрадавымі дзеяннямі, што дазваляе шырокаму колу гледачоў бліжэй пазнаёміцца з народнай спадчынай.

– У складзе тэатра гульні «Лёлі» налічваецца 15 чалавек. Сярод іх работнікі культуры, настаўнікі сярэдніх школ, – расказала кіраўнік калектыву Марыя Сініца. – Звычайна рыхтуецца сцэнарый да пэўнага свята, дзеляцца ролі, праходзяць рэпетыцыі. Сюжэты дапаўняюцца фальклорным матэрыялам Браслаўшчыны. Нярэдка выступленні спалучаюцца з нумарамі нашых ансамбляў «На панадворку», «Сябрына».

У мінулым годзе тэатр здзейсніў пастаноўку пяці тэатралізаваных праграм. Значнай падзеяй для калектыву стаў удзел у абласным аглядзе-конкурсе у межах міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску», дзе ён быў адзначаны дыпломам ІІІ ступені ў намінацыі «Лепшая гульнявая праграма для дарослых».

«Лёлі» бяруць удзел у самых адметных і традыцыйных мерапрыемствах на Браслаўшчыне – Купаллі, Дажынках, кірмашы і інш. Гэты творчы год калектыў распачаў Масленіцай. Вясёлае мерапрыемства з забавамі не пакінула нікога абыякавым. Хоць і не было сумненняў, што так і будзе: вопыт і веданне традыцый даюць усе падставы для таго, каб свята з удзелам народнага тэатра гульні «Лёлі» прайшло яскрава і запамінальна. ■

Алена НАБЕЕВА