Асноўны напрамак дзейнасці «Браслаў-камунальніка» – стварэнне ўмоў для камфорту людзей

Строительство. ЖКХ. Благоустройство
КУП ЖКГ «Браслаў-камунальнік» – адна з самых буйных арганізацый нашага раёна: сярэдняспісачная колькасць працуючых тут склала за мінулы год 180 чалавек. Акрамя Браслава, яе структурныя падраздзяленні знаходзяцца ў Відзах, Слабодцы і Ахрэмаўцах. Таксама па асобных планах штодзённа працуюць участкі па пазбаўленні ад бытавых адходаў, добраўпарадкаванні, рамонце і абслугоўванні электраабсталявання, аб’ектаў цеплаэнергетыкі, доглядзе жылфонду, рамонтна-будаўнічых работ і транспарту

Асноўныя ж віды дзейнасці «Браслаў-камунальніка» – цеплазабеспячэнне і добраўпарадкаванне населеных пунктаў. Так, падача цяпла насельніцтву і арганізацыям займае ў агульным аб’ёме дзейнасці прадпрыемства звыш 80 %. Каб браслаўчане не мёрзлі ў зімовы перыяд, у цеплаэнергетычнай гаспадарцы зроблена шмат. На сённяшні дзень усе цеплацэнтралі, працягласць якіх складае па населеных пунктах раёна 31,5 км, заменены на ПІ-трубы. У 2018 годзе за кошт сродкаў Еўрапейскага Саюза рэканструявана кацельная ТМА, а сёлета пасля рэканструкцыі за кошт абласнога бюджэту ўведзена ў эксплуатацыю і кацельная «Цэнтральная». Яна яшчэ працуе ў рэжыме пуска-наладачных работ, аднак эканамічны эфект устаноўкі новых катлоў ужо прасочваецца – зніжэнне сабекошту на выпрацоўку 1 Гкал з 97,5 руб. да 85 руб. Гэтыя дзве цеплакрыніцы выпрацоўваюць 80 % цеплавой энергіі падобных аб’ектаў «Браслаў-камунальніка», якіх на балансе знаходзіцца 16. Таму іх мадэрнізацыя дазволіла за мінулы год на 78,7 % выкарыстоўваць мясцовыя віды паліва пры заданні 76 %. Акрамя таго, у аграгарадку Опса летась заменены ацяпляльныя катлы з нізкім ККД на больш эфектыўныя, якія «спажываюць» пелеты. На цяперашні час на ўсіх кацельных на сеткавых помпах устаноўлены частотна-рэгулюемыя прывады, укараненне якіх дазволіла знізіць затраты на спажыванне электраэнергіі на 20 %.

Узгадаць усе віды работ, што летась праводзілі камунальнікі па добраўпарадкаванні населеных пунктаў, немагчыма ў адной газетнай публікацыі, настолькі іх было шмат. Таму абмяжуемся толькі самымі ўнушальнымі фактамі. Так, за мінулы год «Браслаў-камунальнік» правёў капітальны рамонт трох шматкватэрных дамоў і 17-і – бягучы, у тым ліку 10-і дваровых тэрыторый. Не пакідала прадпрыемства без увагі і вулічныя сеткі. Дарэчы, хоць снежнае покрыва яшчэ не сышло, а работнікі прадпрыемства паспелі і сёлета ліквідаваць крытычныя ямкі на вуліцах Юбілейнай, Савецкай, 1-га Мая, Дрысвяцкай і Садовай.

На 111 % прадпрыемства выканала дзяржаўны заказ па нарыхтоўцы другасных матэрыяльных рэсурсаў, дзякуючы актыўнай асвеце насельніцтва і абсталяванню ў населеных пунктах раёна кантэйнерных пляцовак, якіх цяпер налічваецца звыш 50 штук.

Нельга не ўпамянуць і пра азеляненне: толькі за мінулы год камунальнікі пасадзілі ў населеных пунктах раёна 423 расліны без уліку кветак.

Падчас зносін з супрацоўнікамі «Браслаў-камунальніка» ўсвядоміў, як цэняць тут работнікаў і транспартнага ўчастка. Ён дастаткова вялікі – 28 аўтамабіляў і 12 трактароў. Іх вадзіцелі працуюць у адпаведнасці з графікам кругласутачна, і ні адно падраздзяленне не можа абысціся без іх дапамогі.

Між іншым, у кожным участку ЖКГ ёсць свае лідары, якія сёлета заслужылі асаблівую ўвагу кіраўніцтва «Браслаў-камунальніка»: 14 чалавек узнагароджаны напярэдадні прафесійнага свята граматамі абласнога і раённага ўзроўню. Але і ўсе астатнія работнікі прадпрыемства імкнуцца заўжды выканаць сваю работу так, каб браслаўчане адчулі задавальненне ад яе вынікаў. ■

Казімір ПЯТУШКА