Спаборніцтвы па турызме ў Ахрэмаўскай школе сабралі ўдзельнікаў з пяці раёнаў

Спорт и здоровье
Адкрытае першынство раёна па турысцка-прыкладным шматбор’і ў тэхніцы пешаходнага турызму ў закрытых памяшканнях памяці Анатоля Жураўлёва адбылося ў Ахрэмаўскай школе.

Штогод у раёне праходзіць зімовае першынство сярод дзяцей, якія займаюцца ў турыстычных гуртках. Некалькі гадоў таму назад да браслаўчан далучыліся турысты з Міёр. Сёлета кола ўдзельнікаў пашырылася: прыехалі спартсмены з Наваполацка, Лепеля і Пастаў. «Мы вырашылі разаслаць запрашэнні бліжэйшым раёнам. Ідэю падтрымала кіраўніцтва школы, ЦДіМ і аддзел па адукацыі. Турзлёт правялі з захаваннем усіх мер бяспекі: турысты прыязджалі ў розны час дзеля таго, каб не кантактаваць паміж сабою. Цікава, што прадстаўнікі Пастаў самі выйшлі на нас і патэлефанавалі з просьбай пра ўдзел», – расказаў Вячаслаў Кроп, які вядзе ў школе заняткі па турызме. Усяго ж у спаборніцтвах удзельнічалі 7 каманд, 3 з якіх прадстаўлялі наш раён – з Ахрэмаўскай, Відзаўскай і Опсаўскай школ.

Першынство праходзіла два дні. Для юных турыстаў была падрыхтавана траса рознай складанасці, часткова з саманавядзеннем. Аднак удзельнікі годна справіліся з выпрабаваннямі і паказалі добрыя ўменні. Мацнейшымі ў камандным заліку аказаліся спартсмены з Наваполацка, другі вынік – у каманды Ахрэмаўскай школы, трэцяе месца занялі госці з Лепеля. У асабістым заліку першымі ў сваіх катэгорыях сталі і прадстаўнікі Ахрэмаўцаў Ганна Баравік і Ягор Савіцкі.

Хутка нашы турысты плануюць адкрыць вясенне-летні сезон. Магчыма, на гэтыя спаборніцтвы таксама запросяць сваіх сяброў з іншых раёнаў. ■

Алена НАБЕЕВА