«Любі сваю зямлю, працуй сумленна». Михаіл Смірноў — «Чалавек года Браслаўшчыны»

Общество
Гэта адзін з жыццёвых прынцыпаў дырэктара Відзаўскага каледжа Міхаіла Смірнова, дэпутата раённага Савета, лаўрэата звання «Чалавек года Браслаўшчыны».
І ДЗЕД, І БАЦЬКА – ІНЖЫНЕРЫ

«Маё дзяцінства прайшло ў асяродку слесараў, вадзіцеляў, токараў – людзей простых рабочых спецыяльнасцей. Бацька працаваў у раённай сельгастэхніцы, таму часта знаходзіўся ў яго на рабоце, праводзіў час у гаражы, назіраў, а пасля і сам рамантаваў машыны. Побач з майстрамі-рамонтнікамі я і спасцігаў простыя жыццёвыя ісціны, накшталт таго, што сумленнай працай можна заслужыць павагу і многага дабіцца. Добра, што яны, не ганялі, нас, падлеткаў, з гаражоў, а па-добраму ставіліся. Увогуле вясковых дзяцей са школы прывучалі да выканання рабочых абавязкаў: у 5 – 6 класах ездзілі на торфабрыкетны завод збіраць карчы, у 7 – 8 дапамагалі ў калгасе, а ў 9 – 10 працавалі слесарамі», – дзеліцца ўспамінамі М. Смірноў.

І калі ў выпускніка Ахрэмаўскай школы і Браслаўскай СШ імя А. М. Жданава паўстала пытанне выбару будучай прафесіі, ён аддаў перавагу Беларускаму інстытуту механізацыі сельскай гаспадаркі. Прызнаецца, што прыклад дзеда і бацькі, якія былі заслужанымі інжынерамі і паважанымі людзьмі, стаў пераканаўчым аргументам.

БОЛЬШ ЗА 26 ГАДОЎ У СЕЛЬСКАЙ ГАСПАДАРЦЫ

Падчас вучобы Міхаіл Смірноў ажаніўся са сваёй выбранніцай Ірынай. Разам вучыліся, студэнтамі гадавалі сына і ў 1984-м годзе вярнуліся ў родны калгас «Маяк Браслаўскі», членам якога з’яўляўся з 1979 года. Маладога інжынера адразу назначылі загадчыкам машыннага двара, і ён пачаў укараняць новыя падыходы, праводзіць семінары. Перспектыўнага супрацоўніка хутка заўважылі і прапанавалі перайсці на пасаду галоўнага інжынера райпа, пасля – намесніка старшыні калгаса «Зорка». На гэтым месцы раскрыліся не толькі інжынерныя здольнасці маладога кіраўніка, але і творчыя: у закінутым будынку адкрылі першы ў раёне мастацкі цэх па адраджэнні народных промыслаў (разьба па дрэве), які быў запатрабаваны ў насельніцтва. А праз некаторы час жыццё зноў зрабіла паварот і М. Смірноў вярнуўся працаваць у «Маяк Браслаўскі» намеснікам старшыні і кіраўніком прафсаюзнай арганізацыі. Тут яму давялося прыкласці руку і арганізатарскі талент да многіх праектаў СВК, напрыклад, кормацэх свінакомплексу і фірменны магазін мясных вырабаў у Браславе, якія працуюць і цяпер.

СЭРЦА АДДАЕ КАЛЕДЖУ

У 2004 годзе Міхаіл Смірноў узначаліў каледж. Гэта быў складаны час для ўстановы, неабходна было павышаць яе статус і рэйтынг сярод аналагічных. Надзейнае плячо падставіў калектыў, які за кароткі час новаму кіраўніку атрымалася мабілізаваць на перспектыўную работу. Паказчык паспяховасці – не толькі дзясяткі дыпломаў, што знаходзяцца і ў кабінеце дырэктара, і размешчаны на сценах каледжа, але і ўдзячныя водгукі выпускнікоў, якім установа дала пуцёўку ў жыццё, і яны разляцеліся па ўсёй краіне, а частка з тых, што засталася на малой радзіме, не раз з’яўляліся на старонках нашай газеты як лепшыя працаўнікі розных прадпрыемстваў раёна.

Цяпер каледж вядзе падрыхтоўку навучэнцаў і перападрыхтоўку дарослага насельніцтва па 14 рабочых кваліфікацыях і 1 – узроўню сярэдняй спецыяльнай адукацыі «тэхнік-механік» для аграрнай, лясной, сацыяльнай, будаўнічай сфер і грамадскага харчавання. Ва ўстанове створаны сучасныя ўмовы для навучання, ёсць вучэбная гаспадарка з двума аддзяленнямі плошчай 1 970 га, каледж займае 10 га ў г. п. Відзы, мае 30 будынкаў, у тым ліку ўласную кацельню і нават кафэ.

Маючы больш як 26 гадоў практычнага стажу ў сельскай гаспадарцы, валодаючы мастацкім густам і творчымі здольнасцямі, Міхаіл Смірноў ужо 17 гадоў укладае душу ў каледж – навучальную установу, якая дае маладым хлопцамі дзяўчатам неабходныя рабочыя прафесіі. На прыкладзе дырэктара ўстановы моладзь вучыцца простым жыццёвым пастулатам: любі сваю зямлю, працуй сумленна – і гэтым заслужыш павагу. Гэтая мудрасць, перанятая ад сваіх продкаў, перадаецца ім і сучаснаму пакаленню. Ці не ў гэтым сэнс жыцця сына сваёй зямлі? ■

Алена НАБЕЕВА