Карыфей дрэваапрацоўкі. Браслаўчанін звыш 30 гадоў працуе ў лясной гаспадарцы

Общество

Важкі ўклад у развіццё прамысловай вытворчасці Нацыянальнага парка «Браслаўскія азёры» станочнік дрэваапрацоўчых станкоў 4 разраду Віктар Міхалоўскі робіць сваёй плённай і адказнай працай кожную змену. Ён з’яўляецца карыфеем гэтай установы: яго стаж працы ў лясной галіне складае больш за 30 гадоў, а менавіта ў нацыянальным парку – 24. «Працоўны шлях пачынаў у Браслаўскім лясгасе, потым, калі ўтварыўся нацпарк, то не стаў шукаць іншага месца працы, застаўся верным абранаму. У мясцовым лясгасе працавалі і мае бацькі», – кажа мужчына. Летась Віктар адзначыў свой юбілей – 60 гадоў, 39 з якіх ён аддаў лясной гаспадарцы – большую частку свайго жыцця.

Віктар Міхалоўскі працуе ў брыгадзе дрэваапрацоўчага цэха № 3. Графік рухомы, выпадаюць і начныя змены, а работа патрабуе пільнасці, захавання тэхналогіі і выканання правілаў бяспекі. Шматгадовы вопыт дазваляе ведаць сваю справу дасканала, вучыць навічкоў і пры неабходнасці падказваць ім . Па словах кіраўніцтва, работнік адносіцца да працы вельмі дысцыплінавана, у яго лепшыя паказчыкі, ён укладваецца ў тэрміны і выконвае ўсё якасна. Асобна можна адзначыць яго адносіны з калегамі: мужчына заўсёды знойдзе неабходныя словы і настроіць сваіх таварышаў на зладжаную работу. Менавіта таму ён карыстаецца павагай у калектыве, а за прафесійную дзейнасць неаднаразова адзначаўся ўзнагародамі рознага ўзроўню.

У вольны час Віктар Міхалоўскі спяшаецца на рыбалку. Дом, які атрымаў ад Браслаўскага лясгаса, знаходзіцца якраз на ўскрайку возера Бярэжжа, таму не дзіўна, што гэта любімы занятак. Разам з жонкай выхавалі годных дзяцей, маюць трох унукаў, навялі ўзорны парадак на прысядзібным участку. Словам, з’яўляючыся прыкладам для многіх на рабоце, ён і ў сямейным жыцці клапатлівы муж, уважлівы бацька і дзядуля. ■

Алена НАБЕЕВА