Ганна Маслякова — адна з лепшых бібліятэкараў Браслаўскага раёна

Общество
Гераіня публікацыі з дзяцінства захаплялася краязнаўствам, любіла этнаграфію, яе заўсёды вабіла вывучэнне роднага краю. І, як лічыць, паступіла вучыцца пасля школы вельмі ўдала – спачатку на турагента-экскурсавода, затым на менеджара па культурнай спадчыне і турызме. Сёння ж Ганна Маслякова, якая з 2011 года працуе ў Друеўскай бібліятэцы, – адзін з лепшых работнікаў ЦБС Браслаўскага раёна.

Пасля знаёмства з гэтым спецыялістам разумееш, што звыклыя ўяўленні пра бібліятэкара, які прымае прачытаныя кнігі і выдае новыя, добра-такі састарэлі. Цяпер прафесія патрабуе ад супрацоўніка творчасці, крэатыўнасці, натхнення – якраз тых якасцей, што ўласцівы Ганне. Па яе словах, сёння бібліятэкар павінен умець падтрымліваць зносіны, укараняць новыя ідэі, валодаць артыстычнымі здольнасцямі і нават дзесьці быць псіхолагам. Не зашкодзяць таксама веды ў розных галінах культуры і навукі, літаратуры і мастацтва.

Нягледзячы на такія высокія запатрабаванні, у сваёй дзейнасці Г. Маслякова бачыць выключна станоўчыя моманты: «У рабоце мне падабаецца ўсё: сустрэчы з чытачамі, афармленне выставак, правядзенне мерапрыемстваў. Таксама цікава ладзіць розныя акцыі – літаратурныя, краязнаўчыя, патрыятычныя. Радуюся, калі знаходжу раней невядомыя факты пра Друю альбо папаўняю экспанатамі этнаграфічны куток, у якім праходзяць экскурсіі, абрадавыя вечары, тэматычныя ўрокі. Я не шукаю вакол сябе негатыву: нават руціннае паступленне новых кніг, афармленне фармуляраў ці дакументацыі – гэта проста частка любімай справы».

Шматлікія праекты, гульнёвая пляцоўка, лялечны тэатр, гучныя чытанні, віктарыны для дзяцей, разнастайныя мерапрыемствы, работа публічнага цэнтра прававой інфармацыі і клуб «Сустрэча» для дарослых наведвальнікаў – складана пералічыць усе накірункі дзейнасці друеўскага бібліятэкара. Каб наведванне ўстановы зацікавіла чытачоў і пакінула ў іх добры настрой, Ганна выкарыстоўвае дадатковы рэквізіт, прыўносіць нейкія іскрынкі ў работу: напрыклад, на прысвечанай пісьменнасці выстаўцы будзе чарнільніца, пры прачытанні 10 кніг да 11-й дадаецца сюрпрыз, а на дзіцячым абанеменце цяжка адвесці вочы ад арыгінальна спрэзентаваных выданняў у выглядзе «кніжнага дажджу». Прычым усе ўпрыгажэнні зроблены сваімі рукамі.

Адным словам, да любой справы бібліятэкар падыходзіць творча, а высокі ўзровень яе прафесійнага майстэрства ды актыўная жыццёвая пазіцыя не застаюцца незаўважанымі і атрымліваюць належную ацэнку. «Прыемна, калі чую ад людзей словы падзякі пасля ўдалага мерапрыемства, калі станоўча ўспрымаюць маю працу, – кажа Ганна Маслякова. – Тады хочацца рабіць яшчэ больш». ■

Жанна БЯЛЬКО