Чужых не бывае. Сям’я з Браслаўскага раёна выхавала дваіх сваіх і пяцярых прыёмных дзяцей

Новости
Далёка не кожны зможа ўзяць на сябе адказнасць за выхаванне чужых дзяцей, дарыць ім любоў і дабрыню, як сваім родным. Аднак ёсць на Браслаўшчыне людзі, якія гатовы сваёй увагай і пяшчотай ахінуць тых, каму гэта патрэбна.

На мінулым тыдні старшыня раённага Савета дэпутатаў Ніна Пучынская і галоўны спецыяліст аддзела райвыканкама па адукацыі Ірына Аніська наведалі сям’ю Марыі і Вацлава Бейнараў з в. Вазгелянцы, што ў Відзаўскім сельсавеце.

Госці прыехалі не з пустымі рукамі: прывезлі ў падарунак прас і мясарубку, якія, несумненна, знойдуць сваё прызначэнне ў хатнім ужытку. Гэтая тэхніка была набыта раённым аддзяленнем Беларускага фонду міру і стала прыемным сюрпрызам да Міжнароднага жаночага дня для сям’і, дзе тры прадстаўніцы прыгожага полу – Марыя і дзве прыёмныя дзяўчынкі Юля і Дарына. Аднак жанчына кажа, што яны для яе не чужыя, а родныя, хоць і жывуць разам толькі каля двух гадоў. Так, не верыць словам Марыі Бейнар нельга. Яна выгадавала сваіх дваіх дзяцей, дала ім годную адукацыю і добрае выхаванне, а пасля ўзяла да сябе трох сясцёр – Дашу, Сашу і Ганну. Разам з мужам прынялі дзяўчынак як родных дачок і нават пасля таго, як яны скончылі школу і цяпер вучацца далей у розных гарадах, пастаянна трымаюць сувязь і нярэдка сустракаюцца ў Вазгелянцах, адзначаюць навагоднія святы, Вялікдзень і інш. З такой жа пяшчотай і любоўю ставяцца і да самых малодшых членаў сям’і – Юліі і Дарыны. Так склаўся лёс, што родныя бацькі перасталі ім быць сваімі, а чужыя людзі – наадварот…

Цяпер жа малыя разумеюць, што такое сапраўдная сям’я, бачаць цёплыя ўзаемаадносіны паміж старэйшымі. Марыя вучыць дзяўчынак рукадзельнічаць, яны ходзяць у школу і дзіцячы сад.

Сям’я Бейнар прыкладае шмат намаганняў, каб дзяўчынкі раслі атуленыя пяшчотай і ўвагай. «Мы не дзелім іх на сваіх і чужых. За кожнага перажываем душой і хочам ім лепшага жыцця», – кажа Марыя. І гэтыя словы пацвярджаюцца справай. ■

Алена НАБЕЕВА